МАРГ не знайшоў агародніны са стабфондаў у некалькіх крамах

МАРГ разам з Дзяржстандартам 22–23 студзеня праверыў наяўнасць агародніны са стабілізацыйных фондаў у 150 гандлёвых аб’ектах.

“Перавышэнняў рознічных цэн на плодаагароднінную прадукцыю, якая пастаўляецца ў рамках дзяржзаказу, не зафіксавана”, — паведамілі ў прэс-службе МАРГ.

Аднак з наяўнасцю прадукцыі са стабілізацыйных фондаў усё было не так гладка.

“У Віцебскай вобласці ў 5 гандлёвых аб’ектах (ААТ «Веста», Докшыцкі філіял Віцебскага аблспажыўтаварыства, ЗАТ «Дабраном»), якія з’яўляюцца нарыхтоўшчыкамі прадукцыі, што пастаўляецца са стабфондаў у рамках дзяржзаказу, адсутнічала ў продажы прадугледжаная пералікам плодаагароднінная прадукцыя (бульба, капуста, цыбуля рэпчатая, яблыкі)”, — дадалі ў МАРГ.

У Брэсцкай вобласці парушэнні былі выяўлены ў краме ААТ «Жабінкаўская сельгастэхніка», у Гомельскай вобласці — у краме «Капеечка» ЗАТ «Дабраном». Акрамя таго, у адной з крамаў Жодзіна не было морквы.

Як паведамілі ў МАРГ, былі выдадзены рэкамендацыі па выпраўленні выяўленых парушэнняў, а таксама суб’екты гаспадарання папярэджаны, што ў наступны раз у выпадку адсутнасці прадукцыі са стабфондаў яны будуць аштрафаваныя.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!