Геннадий Федынич
Міжнародная арганізацыя працы заклікала беларускія ўлады вярнуць пашпарты прафсаюзным лідарам Аляксандру Ярашуку і Генадзю Фядынічу і аднавіць выплату ім пенсій.
Як паведамляе “Радыё Свабода”, 30 сакавіка ў Жэневе прайшло пасяджэнне кіраўнічага органа МАП. Адміністрацыйны савет зноў разглядаў сітуацыю з правамі працоўных у Беларусі. Савет прыйшоў да высновы, што з папярэдняга пасяджэння, якое прайшло ў лістападзе мінулага года, сітуацыя не змянілася, а беларускія ўлады не надалі ніякай новай інфармацыі пра выкананне рэкамендацый МАП.
Таксама на пасяджэнні разглядалася пытанне прафсаюзных лідараў Аляксандра Ярашука і Генадзя Фядыніча. У мінулым годзе яны былі вызвалены, але ім не выплачваецца пенсія. Акрамя таго, Ярашук быў вывезены з Беларусі без пашпарта.
Паводле слоў Ярашука, МАП атрымала адказ з Беларусі, у якім гаворыцца, што яго пашпарт знаходзіцца “невядома дзе”, а пенсіі ён пазбаўлены за “здзяйсненне злачынства супраць дзяржавы”. Адказ прыйшоў без подпісу.
Кіраўнічы орган МАП уключыў дадзенае пытанне ў выніковую рэзалюцыю.
“Савет з найвялікшай заклапочанасцю адзначыў адмову ўрада Беларусі вярнуць канфіскаваныя пашпарты г-на Ярашука і г-на Фядыніча і аднавіць іх пенсіі, і заклікаў урад зрабіць гэта без далейшых прамаруджванняў», – цытуе “Свабода” рэзалюцыю.
За рэзалюцыю прагаласавалі 40 членаў савета, 2 былі супраць і 8, уключаючы амерыканцаў, устрымаліся.