Малдова выдала Беларусі асуджанага за шпіянаж Аляксандра Балана

У межах абмену па формуле 5 на 5 паміж Беларуссю і Польшчай Малдова перадала Беларусі Аляксандра Балана, экс-намесніка дырэктара службы інфармацыі і бяспекі Малдовы.

Балана затрымалі ў Румыніі ў 2025 годзе. 15 красавіка малдоўскі суд завочна прысудзіў яго да 1,5 года пазбаўлення волі па абвінавачанні ў разгалошванні дзяржаўнай таямніцы. 24 красавіка Балана экстрадзіравалі з Румыніі ў Малдову.

Перад перадачай у Беларусь прэзідэнт Малдовы Майя Санду памілавала Балана. Малдова таксама перадала Расіі расіянку Ніну Папову.

У межах абмену ў Малдову вярнуліся два супрацоўнікі СІБ Малдовы, якіх у Расіі прызналі вінаватымі ў шпіянажы. ФСБ РФ, у сваю чаргу, заяўляе, што іх абмянялі на расійскага археолага Аляксандра Буцягiна і жонку расійскага ваеннаслужачага, які праходзіць службу ў Прыднястроўі.

«Гэтая аперацыя працягвалася многія месяцы пад каардынацыяй Службы інфармацыі і бяспекі, і некаторыя дэталі не маглі быць абнародаваны, каб не паставіць пад пагрозу ўсю аперацыю, а таксама жыцці двух грамадзян Малдовы.

Каб вярнуць іх дадому, у выніку складанай аперацыі два афіцэры былі абменены, як таго патрабавала іншы бок, на двух іншых асоб: грамадзянку Расійскай Федэрацыі Ніну Папову, якая дзейнічала супраць дзяржавы Рэспубліка Малдова, і Аляксандра Балана, грамадзяніна Рэспублікі Малдова, абвінавачанага ў дзяржаўнай здрадзе ў інтарэсах КДБ Беларусі, які быў памілаваны, каб атрымаць магчымасць выехаць у Беларусь», — заявіла Санду (цытата паводле Unimedia).

Санду падзякавала за паспяховую аперацыю прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, а таксама Польшчы і Румыніі.

Аляксандра Балана затрымалі ў Румыніі ў верасні 2025 года ў межах сумеснай аперацыі спецслужбаў Чэхіі, Венгрыі і Румыніі. Паведамлялася, што ён працаваў на КДБ Беларусі з 2024 года і перадаваў звесткі, якія могуць паставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку Румыніі. У выніку той жа аперацыі з Чэхіі выслалі афіцэра КДБ Беларусі, які працаваў пад дыпламатычным прыкрыццём. У Румыніі ён знаходзіўся пад следствам па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе. Пасля завочнага прысуду малдаўскага суда быў экстрадзіраваны ў Малдову.

Нагадаем, абмен адбыўся 28 красавіка ў пункце пропуску «Перароў — Белавежа» на беларуска-расійскай мяжы. Беларусь перадала Польшчы пяцёх чалавек, асуджаных у Беларусі і Расіі за шпіянаж. Сярод вызваленых — беларускі палітвязень, журналіст Анджэй Пачобут.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!