Скриншот видео
Святлана Ціханоўская вітала вызваленне Анджэя Пачобута. Яна назвала яго прыкладам стойкасці, а таксама падзякавала ўсім, хто быў датычны да яго вызвалення.
“Анджэй Пачобут на волі. Гэта вялікая радасць для ягонай сям’і і для ўсіх нас тых, хто падтрымліваў і чакаў Анджэя. Увесь гэты час ён правёў за кратамі. Больш за пяць гадоў толькі таму, што не адмовіўся ад праўды і сумленна пісаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі. І, канешне, ягоная стойкасць, годнасць і непахіснасць сталі прыкладам для нас усіх, якія шчыра радыя за Анджэя і ягоных блізкіх, якія вытрымалі гэты цяжкі шлях.
Я ведаю, колькі сіл і чакання стаяць за гэтым. І, канечне, дзякуй усім, хто змагаўся за яго вызваленне і перадусім кіраўніцтву Польшчы, ЗША і нашым еўрапейскім партнёрам. Мы памятаем пра ўсіх, хто ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі. І мы працягваем, пакуль кожны з іх не апынецца дома побач з роднымі”, — сказала яна ў відэазвароце.
Нагадаем, сёння на польска-беларускай мяжы адбыўся абмен 5 на 5. Польскаму боку з Беларусі былі перададзены тры палякі і два грамадзяне Малдовы. У КДБ заявілі, што гаворка ідзе пра асуджаных за шпіянаж у Беларусі і Расіі. У Расію быў вернуты археолаг Аляксандр Буцягін, затрыманы ў Польшчы.
На мяжы Пачобута сустракаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Ён напісаў, што першымі словамі былога палітвязня было пытанне пра магчымасць вярнуцца ў Беларусь.
Прэзідэнт Польшчы Кароль Наўроцкі, каментуючы вызваленне Пачобута, запрасіў яго ў прэзідэнцкі палац, каб уручыць найвышэйшую ўзнагароду Польшчы Ордэн Белага Арла, якім журналіст быў узнагароджаны ў лістападзе мінулага года.