Фото: Adam Winger / Unsplash.com
Магілёўская пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць 42-гадовага жыхара абласнога цэнтра. Ён абвінавачваецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і дапамаганні ў прычыненні маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання (ч. 3 арт. 424, ч. 1 арт. 16, ч. 1 арт. 216 Крымінальнага кодэкса.
Паводле версіі пракуратуры, абвінавачаны, будучы дырэктарам арганізацыі па аказанні паслуг у цырульніцкай сферы, на працягу трох гадоў з 2022 па ліпень 2025 года аказваў паслугі па фіктыўным працаўладкаванні выпускнікоў каледжа, якія павінны былі адпрацаваць размеркаванне.
“Ён арганізаваў падрыхтоўку і падпісанне загадаў аб прыёме на працу выпускнікоў каледжа, заключэнне з імі працоўных дагавораў без намеру сапраўднага ажыццяўлення працоўных адносін, унясенне ілжывых запісаў у працоўныя кніжкі, а таксама паведамленне недакладных звестак аб працаўладкаваных ва ўзначаленай арганізацыі выпускніках. У выніку абвінавачаны стварыў умовы для вызвалення 12 выпускнікоў ад кампенсацыі сродкаў, затрачаных дзяржавай на іх падрыхтоўку”, — паведамілі ў пракуратуры.
Шкода дзяржаве ацэненая ў суму больш за 93 тыс. рублёў. Акрамя таго, у паведамленні гаворыцца, што цяжкія наступствы дзеянняў абвінавачанага заключаліся таксама ў прычыненні істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам – “дыскрэдытацыі прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі”.
Абвінавачаны застаецца на волі пад падпіскай аб нявыездзе.
Таксама ў асобную вытворчасць выдзелены крымінальныя справы ў дачыненні да выпускнікоў. Яны кампенсавалі шкоду ў поўным аб’ёме. Вырашаецца пытанне аб вызваленні выпускнікоў ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з ужываннем да іх мер адміністрацыйнага спагнання.