Продажы BelGee ў Расіі ў лютым выраслі ў 2,3 раза

Беларускі брэнд BelGee працягвае нарошчваць продажы легкавых аўтамабіляў у Расіі. Паводле даных агенцтва “Автостат”, у лютым яны выраслі ў 2,3 раза ў параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года да 4694 адзінак. Па выніках двух месяцаў аб’ём рэалізацыі машын беларускай маркі падвоіўся да 7640 адзінак.

Доля BelGee на расійскім рынку ў лютым склала 5,87%, па выніках двух месяцаў — 4,76%. Яна падвоілася за год.

У Расіі BelGee займае чацвёртае месца па выніках лютага, апярэджваючы Geely.

У дзясятку найбольш папулярных мадэляў расійскага рынку ўваходзіць BelGee Х50. За два месяцы прададзена 5157 такіх машын, што на 33,7% больш, чым у мінулым годзе.

Расійскі рынак у цэлым у лютым вырас на 2,5% да 80,03 тыс. аўтамабіляў, па выніках двух месяцаў усё яшчэ адзначаецца скарачэнне аб’ёму на 3,9% да 160,6 тыс. машын.

Лідарам расійскага рынку ў студзені-лютым застаецца “Лада” (38,68 тыс. аўтамабіляў, – 25,8% да мінулага года), далей ідуць Haval (20,88 тыс., – 2,4%) і Tenet (17,56 тыс., у мінулым годзе не прадаваўся).

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!