Наталья Эйсмонт. Скриншот видео
Магчымасць сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа разглядаецца. Пра гэта заявіла ТАСС прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
“Магчымасць сустрэчы з Трампам разглядаецца. Прэзідэнт будзе рады абмеркаваць з прэзідэнтам ЗША пытанні міжнароднага парадку дня і двухбаковых адносін”, – сказала яна.
Таксама Эйсмант пацвердзіла, што Лукашэнка збіраецца прыняць удзел у наступным пасяджэнні Савета міру: “Калі пасяджэнне будзе ў гэтым годзе і калі гэта будзе прымальна для беларускага боку, абавязкова наведаем гэты саміт”.
Нагадаем, раней Лукашэнка заяўляў, што атрымаў запрашэнне Трампа наведаць ЗША. Паводле слоў Лукашэнкі, гаворка ў тым ліку ішла пра сустрэчу ў рэзідэнцыі Трампа ў Флорыдзе. Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл пасля гэтага ўжо неаднаразова пацвярджаў, што сустрэча абмяркоўваецца, але канчатковага рашэння яшчэ няма.