Встреча Александра Лукашенко со спецпосланником США в Беларуси Джоном Коулом в Минске. 12.12.2025. Фото: пресс-служба Лукашенко.
ЗША разглядаюць магчымасць запрасіць Аляксандра Лукашэнку ў Белы дом або ў рэзідэнцыю Дональда Трампа Мар-а-Лага ў рамках намаганняў па дыпламатычным збліжэнні з Беларуссю, паведамляе Financial Times.
Спецпасланнік Трампа Джон Коўл пацвердзіў выданню, што ўнутраныя абмеркаванні аб запрашэнні Лукашэнкі на сустрэчу з Трампам вяліся «на працягу некалькіх месяцаў», але канчатковага рашэння няма.
«Нас яшчэ чакае шмат працы, але я думаю, што мы гэтага даможамся», — адзначыў Коўл.
Нагадаем, пасля сустрэчы з Коўлам Лукашэнка заявіў, што Трамп запрасіў яго да сябе дадому ў Флорыду.
Сустрэча з Трампам стала б значным поспехам для Лукашэнкі, адзначае выданне.
Коул не сказаў, якія папярэднія ўмовы могуць быць пастаўлены для сустрэчы з Трампам, і адзначыў, што ўсё залежыць ад амерыканскага прэзідэнта.
Спецпасланнік Трампа падкрэсліў, што яго праца ў Мінску — «на 95% гуманітарная ініцыятыва» і не з’яўляецца спробай адарваць Беларусь ад Расіі.
«Я не збіраюся ўбіваць клін паміж ім і Пуціным. Гэта адносіны працягласцю ў 30 гадоў», — заявіў ён. Коўл дадаў, што добра ведае, хто такі Лукашэнка, але яны адзін аднаму давяраюць.
Ён таксама адзначыў, што змякчэнне санкцый ЗША ў дачыненні да беларускага рэжыму залежыць ад устойлівых паляпшэнняў у паводзінах Лукашэнкі і ад выканання яго абяцання неадкладна спыніць усе палітычна матываваныя арышты.
Нагадаем, 19 сакавіка ў выніку перамоваў Коўла і Лукашэнкі былі вызвалены 250 палітвязняў. 15 з іх вывезлі ў Літву без пашпартоў, астатнім дазволілі застацца ў Беларусі. Усяго з мінулага года дзякуючы намаганням ЗША былі вызвалены больш за 500 чалавек. Паводле інфармацыі FT, сярод іх было шэсць грамадзян ЗША.