Мацкевіч прапанаваў перанесці выбары і рэфармаваць Каардынацыйную раду

Уладзімір Мацкевіч прапанаваў адкласці выбары ў Каардынацыйную раду, а таксама рэфармаваць гэты орган. Паводле яго слоў, выбары ў КР неабходныя, але цяпер яны не падрыхтаваныя.

Мацкевіч лічыць, што ў такой непадрыхтаванасці ёсць аб’ектыўныя прычыны, а таксама ён бачыць віну некаторых “персанажаў і структур”. На яго думку, можна было б разбірацца з прычынамі і віной, але няма інстытута або структуры, дзе такі разбор можна правесці карэктна, прыняць рашэнне і выканаць яго.

“Нашы грамадска-палітычныя структуры не сфарміраваны ў поўнай меры. Але асноўны і цэнтральны інстытут створаны — гэта КР. Праўда, ён не асвоіў нават асноўныя функцыі прадстаўнічага органа. І ў гэтым таксама ёсць віна асобных персанажаў, як у самой КР, так і ў іншых структурах. Цяпер не падыходзячы момант, каб шукаць вінаватых. Было б дастаткова прызнання памылак і гатоўнасці іх выпраўляць. Галоўнае не ў віне кагосьці, а ў агульнай палітычнай непісьменнасці і эгаізме”, – напісаў ён у Facebook.

У такой сітуацыі Уладзімір Мацкевіч прапануе прыняць некалькі рашэнняў. Па-першае, перанесці выбары ў Каардынацыйную раду на восень. На яго думку, лістапад быў бы прыдатным часам.

Па-другое, трэба разгарнуць “PR-кампанію, але не па агітацыі, а па ліквідацыі непісьменнасці”. Мэта гэтай кампаніі — “давесці да шырокай публікі (патэнцыйных выбаршчыкаў) і кандыдатаў сэнс прадстаўнічай улады і функцыі прадстаўнічага органа”.

Па-трэцяе, Мацкевіч прапануе змяніць правілы і рэгламент фарміравання КР, у тым ліку адмовіцца ад фармальных квот і скараціць колькасць дэлегатаў у два разы.

“Стварыць рэгіянальныя выбарчыя камісіі ў краінах і рэгіёнах, дзе існуюць шматлікія дыяспары (Польшча, Літва, Украіна, Заходняя Еўропа, Паўночная Амерыка, Азія-Аўстралія, магчыма, Ізраіль)”, – напісаў Мацкевіч.

Яго пятая прапанова — пачаць падрыхтоўку да пераходу на змешаную сістэму (мажарытарна-прапарцыянальную) выбараў у КР.

“Палітычным клубам, ініцыятыўным групам актывістаў правесці папярэднія сходы, выпрацаваць парадак дня на бліжэйшую перспектыву і сфарміраваць спісы кандыдатаў”, – дадаў Мацкевіч.

Ён лічыць магчымым захаваць склад выбарчай камісіі, але трэба “забяспечыць яе незалежнасць ад рашэнняў кіраўніцтва КР папярэдняга склікання”.

“Існуючым выканаўчым структурам (ОСЦ, НАУ, АПК, існуючым і фарміруемым партыям, актыўным НДА) вызначыцца па пытанні, навошта ім КР, і навошта яны КР.

Абвясціць збор сродкаў на забеспячэнне работы выбарчай камісіі і (у перспектыве) самой КР”, – завяршыў пералік сваіх прапаноў Мацкевіч.

Нагадаем, выбары ў КР павінны прайсці 11–17 мая. Сёння завяршаецца прыём выбарчых спісаў для ўдзелу ў выбарах у КР. Па стане на 30 сакавіка жаданне ўдзельнічаць у іх выказалі шэсць суб’ектаў: «Еўрапейскі выбар», «Закон і правапарадак», «Кааліцыя Латушкі і Рух «За Свабоду», Блок беларускіх палітычных зняволеных «Беларус дзеяння», «Хопіць баяцца!», Аб’яднаная грамадзянская платформа.

Пра сваю адмову ўдзельнічаць у выбарах заявілі Віктар Бабарыка і Блок.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!