Беларусь за год выдала больш за 2 тысячы электронных віз

У Беларусі за год былі выдадзены больш за 2 тыс. электронных віз. Пра гэта паведаміла начальніца аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП) Святлана Караневіч.

“Самыя актыўныя карыстальнікі — амерыканцы, канадцы, немцы, карэйцы, еўрапейцы”, – сказала яна, перадае БелТА.

“Заяўнікі запаўняюць візавую анкету па форме, аплачваюць консульскі збор і атрымліваюць запаветны файл візы, які ўяўляе сабой дакумент з размешчаным на ім QR-кодам. Гэты QR-код трэба прад’явіць пры ўездзе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Памежнікі счытваюць код, звяртаюцца ў інфармацыйную сістэму МЗС, у якой захоўваецца інфармацыя ў электронным выглядзе пра выдадзеныя візы, і пацвярджаюць, што віза, даступная па гэтым QR-кодзе, валідная, сапраўды выдавалася, тэрмін яе дзеяння яшчэ не скончыўся, усё добра, грамадзяніну можна перасякаць мяжу”, – растлумачыла яна.

Нагадаем, у Беларусі аформіць электронную візу можна з 20 сакавіка 2025 года. Яна выдаецца праз партал НЦЭП «E-Паслуга». Электронныя візы могуць атрымаць грамадзяне 67 краін. Консульскі збор за выдачу электроннай візы не адрозніваецца ад збору за звычайную візу. Акрамя яго трэба заплаціць яшчэ і сэрвісны збор у памеры 6 еўра.

Электронныя візы з’яўляюцца аднаразовымі і індывідуальнымі і выдаюцца на тэрмін не больш за 30 сутак. У залежнасці ад мэты паездкі прадугледжаны наступныя катэгорыі электронных віз: дзелавая паездка; удзел у спартыўных, культурных, навуковых, адукацыйных мерапрыемствах і стажыроўках; прыватныя справы; турызм.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!