Першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч заявіў пра ціхія поспехі ў пастаўках калійных угнаенняў. Так ён пракаментаваў паслабленне амерыканскіх санкцый у дачыненні да беларускай калійнай галіны.
“Пастаўкі калійных угнаенняў з Беларусі куды-небудзь — гэта вельмі актуальнае і такое, ведаеце, гарачае пытанне ў апошні час па зразумелых прычынах. Безумоўна, Беларусь з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам калійных угнаенняў, мы ўваходзім у тройку лідараў. Пэўныя складанасці, якія маюцца зараз з пастаўкай нашых угнаенняў, таксама ўсім вядомыя.
І, уласна кажучы, як і ўсім вядомыя тыя вынікі, скажам так, поспехі, ціхія поспехі, якія дазваляюць нам працягваць пастаўкі калійных угнаенняў у шэраг краін, дзе ёсць неабходнасць найперш у калійных угнаеннях”, — сказаў ён у Маскве на дзелавым форуме «Беларусь-Афрыка» для акрэдытаваных у расійскай сталіцы дыпламатаў афрыканскага кантынента.
“Пастаўка калійных угнаенняў у Афрыку найперш рэгулюецца запытамі саміх афрыканскіх краін, таму што не ўсюды калій патрэбны як угнаенне, і магчымасцямі гэтых краін па прыняцці беларускага калію. То-бок гэта найперш пытанні лагістыкі і пытанні эканамічнай мэтазгоднасці. Як для пакупнікоў, так і для прадаўца”, — дадаў Лукашэвіч.
Паводле ягоных слоў, цяпер адносіны Мінска з афрыканскімі краінамі перажываюць росквіт.
“Гэта сапраўды беспрэцэдэнтны гістарычны момант, можна сказаць, росквіту адносінаў Беларусі з дзяржавамі Афрыкі. І нашы палітычныя кантакты актыўна падмацоўваюцца эканомікай. Беларусь не проста гатовая ўнесці ўклад у задавальненне растучага попытy на харчовыя тавары, прамысловую і сельскагаспадарчую тэхніку і абсталяванне, мінеральную прадукцыю, тавары хімічнай прамысловасці простымі пастаўкамі тавараў. Ідзе гаворка пра доўгатэрміновае гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне з прыцягненнем інвестыцый і пераходам да прамысловай кааперацыі са стварэннем сумесных вытворчасцей”, — сказаў ён.
Лукашэвіч падкрэсліў і асаблівы падыход беларускіх уладаў да кантынента.
“Нашы вайсковыя і грамадзянскія спецыялісты ў часы СССР дапамагалі змагацца з каланіялізмам і яго наступствамі ва многіх краінах кантынента. Гэтыя сувязі мы не страцілі. Больш за тое, па меры росту другой хвалі дэкаланізацыі і жадання нашых афрыканскіх сяброў скараціць залежнасць ад заходніх дзяржаў і агрэсіўных транснацыянальных карпарацый нашы сувязі дэманструюць новую запатрабаванасць”, — дадаў ён.