Reform.news

Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць прытрымлівацца дамоўленасцяў з ЗША па палітвязнях

Рэдакцыя Reform.news · 19 сакавіка 2026, 12:49

https://reform.news/be/lukashjenka-zajavi-pra-gato-nasc-prytrymlivacca-damo-lenascja-z-zsha-pa-palitvjaznjah/

Аляксандр Лукашэнка падчас пратакольнай часткі перамоў са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам заявіў пра гатоўнасць прытрымлівацца дамоўленасцяў па палітвязнях.

Як звычайна, Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне няма палітычных артыкулаў.

“Куды ж мы дзенемся ад праблемы, якую Крыс вельмі кантралюе. Так званыя палітвязні. Хаця я пастаянна схіляю вас да таго, што ў нас няма палітычных артыкулаў і ніякіх палітвязняў у нас няма. Ёсць правапарушальнікі”, – сказаў ён, згадаўшы намесніка памочніка дзяржсакратара Крыса Сміта, які звычайна суправаджае Коўла на перамовах.

“Але мы з вамі абмяркоўвалі завочна гэтую праблему, у перапісцы. Думаю, што ў асноўным мы прыйшлі да пэўнага меркавання. І беларускі бок гатовы прытрымлівацца нашых з вамі дамоўленасцяў. Думаю, што асаблівых тут праблем не будзе. Як і па іншых пытаннях нашага парадку дня”, – дадаў Лукашэнка.

Таксама ён сёння намякнуў Коўлу на адкрыццё прамых авіязносін з ЗША і прапанаваў выслухаць яго пазіцыю па сітуацыі на Блізкім Усходзе, якая, на думку Лукашэнкі, будзе важная для Дональда Трампа у сувязі з яго аперацыяй супраць Ірана.

Рэклама

Пакінуць адказ