Reform.news

Лукашэнка: Усе нашы абавязацельствы з боку Беларусі перад Расіяй мы выконваем

Рэдакцыя Reform.news · 22 кастрычніка 2026, 13:24

https://reform.news/be/lukashjenka-use-nashy-abavjazacelstvy-z-boku-belarusi-perad-rasijaj-my-vykonvaem/

22 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прыняў міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна і міністра абароны Расіі Андрэя Белавусава.

Ён падкрэсліў, што Беларусь выконвае свае абавязацельствы перад Расіяй, у прыватнасці задачы па ахове межаў.

«Пытанняў, якія мы павінны абмеркаваць, нямала. Дзякуй за тое, што сумесную групоўку, якую мы з вамі сфарміравалі ў рамках АДКБ на заходнім напрамку, вы трымаеце пры ўсіх складанасцях і цяжкасцях. Беларуская армія адыгрывае сваю ролю.

Усе нашы абавязацельствы з расійскага боку для Беларусі, з боку Беларусі перад Расіяй мы выконваем. Нашы праціўнікі (ворагаў пакуль, напэўна, у нас тут асабліва няма на Захадзе) пра гэта ведаюць, яны гэта бачаць. … Па іншых ведамствах і напрамках у нас ідзе добрае супрацоўніцтва. Таму вы можаце не перажываць наконт нашых абавязацельстваў па ахове нашых рубяжоў Саюзнай дзяржавы», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Лукашэнка запэўніў Белавусава, што сумесная групоўка на заходнім напрамку знаходзіцца «ў парадку», і заявіў, што Беларусь рыхтуецца да вайны. Ён падкрэсліў, што задача беларускіх узброеных сіл — папярэдзіць ваенную агрэсію звонку.

«Вы бачыце нашы дзеянні, асабліва Узброеных Сіл. Мы рыхтуемся да вайны, але спрабуем яе ўсяляк пазбегнуць. Ні нам, ні вам яна не патрэбна. Але каб яна не здарылася, трэба быць гатовымі, як заўсёды. Таму наша сумесная групоўка на заходнім напрамку заўсёды будзе патрэбная. І яна сёння ў парадку», — адзначыў ён.

Лукашэнка падзякаваў Расіі за дапамогу ў арганізацыі кантролю рознымі тэхнічнымі сродкамі ўздоўж межаў з Украінай і краінамі Захаду. Паводле яго слоў, гэтае пытанне нядаўна абмяркоўвалася з Уладзімірам Пуціным.

“Дзякуй вам за дапамогу ў арганізацыі кантролю рознымі тэхнічнымі сродкамі, а ў вас яны з улікам канфлікту ва Украіне вельмі прасунутыя, па перыметры Саюзнай дзяржавы, мяжы з Украінай і Захадам. РЛС там і гэтак далей, і таму падобнае. Там і расійскі досвед улічаны, і шмат расійскіх сродкаў. Мы з прэзідэнтам Пуціным, нядаўна сустракаючыся, абмяркоўвалі гэтую тэму. Ён, малайчына, паабяцаў, кажа: “Мы вось гэта, гэта дапаможам”. Гэта нам будзе патрэбна. І мы бачым, што гэта нам патрэбна. Мы кантралюем усю тэрыторыю ўздоўж мяжы. А гэта каля 3 тысяч км, калі Захад і Украіну браць, 3 тысячы км. Вядома, яна павінна быць прыкрыта сродкамі кантролю і сачэння. Тут мы нядрэнна працуем”, — сказаў Лукашэнка.

Рэклама

Пакінуць адказ