Франклин Грэм и Александр Лукашенко 15 мая 2026 года в Минске. Фото: president.gov.by
Сённяшняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з амерыканскім прапаведнікам Франклінам Грэмам раскрыла даныя пра ліквідацыю пратэстанцкіх суполак у Беларусі пры перарэгістрацыі. Афіцыйна яны дагэтуль не публікаваліся, аднак “Хрысціянская візія” пасля агучаных даных падзялілася падлікамі.
На сустрэчы Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі налічваецца 850 пратэстанцкіх суполак, 20 місій і 5 навучальных устаноў.
«У бліжэйшыя дзень-два вы сустрэнецеся з нашымі вернікамі-пратэстантамі. І ў вас ужо будзе больш уражанняў пра тое, як ім тут жывецца. Але хачу вас запэўніць, што гэта наш брэнд. Мы ганарымся, што ў нас міжканфесійны мір. І таму вы можаце за сваіх пратэстантаў, нашых пратэстантаў, не турбавацца», — заявіў ён.
«Хрысціянская візія», супаставіўшы прыведзеныя лічбы з данымі сайта Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў да пачатку перарэгістрацыі, устанавіла, што тады ў краіне налічвалася 931 пратэстанцкая суполка і 21 місія.
«Калі даныя, якія прывёў Лукашэнка, поўныя, выходзіць, што была ліквідавана 81 арганізацыя. Таксама да перарэгістрацыі ў Беларусі была 21 місія пратэстантаў, значыць, адна з іх цяпер закрытая. Колькасць навучальных устаноў не змянілася”, – піша рэсурс.
16-17 мая ў мінскай «Чыжоўка-Арэне» пройдзе «Фестываль надзеі», у якім возьмуць удзел пратэстанцкія цэрквы.