Фото: t.me/pul_1
У Палацы Незалежнасці праходзіць сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Франклінам Грэмам, прэзідэнтам і генеральным дырэктарам Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.
“Дзякуй, што вы знайшлі час, нягледзячы на такія адлегласці, прыехаць да нас і абмеркаваць пытанні не толькі міжканфесійных нашых зносін, але і пытанні міждзяржаўных адносін. Спадар Грэм, вы крыху ведаеце пра Беларусь, вы бывалі тут. Вы бывалі неаднаразова ў Расіі. Таму ведаеце, у якім напрамку развіваецца абстаноўка, сітуацыя. Упэўнены, ведаеце, што ў нас у Беларусі жывуць мірна, суіснуюць, узаемадзейнічаюць 25 канфесій. І, шчыра скажу, мы ганарымся гэтым міжканфесійным мірам, які існуе ў Беларусі, — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у Беларусі налічваецца 850 пратэстанцкіх суполак, 20 місій і 5 навучальных устаноў.
“Таму ваша веравызнанне ў нас вельмі шырока прадстаўлена”, — падкрэсліў ён.
Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, асабіста ў яго добрыя ўражанні ад зносін з тымі, хто вызнае пратэстантызм.
“У савецкія часы (Савецкі Саюз быў афіцыйна атэістычнай краінай, але неафіцыйна ўсе маліліся), калі я быў сакратаром парткама, у сельскай гаспадарцы працаваў, палова маёй гаспадаркі — гэта былі пратэстанты. Мне вельмі цікава было, чым жа пратэстанты адрозніваюцца ад праваслаўных, каталікоў. І я бываў у іх дома — у нашых пратэстантаў. Я вам павінен сказаць — найдабрэйшыя людзі, неверагодныя працаўнікі”, — заявіў ён.
Лукашэнка таксама папрасіў перадаць “добрыя пажаданні” прэзідэнту ЗША Дональду Трампу.
«Вас, Франклін, хачу падзякаваць за добрае пасланне, якое мне перадаў спадар Коул падчас свайго візіту і нашых перамоваў. І вы ж разумееце, што без прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі нам, магчыма, было б складаней наладзіць нашы адносіны. Таму пры сустрэчы, я ведаю, вы ў добрых адносінах з прэзідэнтам, перадайце яму самыя добрыя пажаданні. І скажыце яму, што ў Беларусі ў яго надзейныя сябры і прыхільнікі”, — запэўніў ён.
Паводле яго сцвярджэння, за беларускіх пратэстантаў турбавацца не варта, паколькі ў Беларусі “міжканфесійны мір”.
“У найбліжэйшыя дзень-два вы сустрэнецеся з нашымі вернікамі-пратэстантамі. І ў вас ужо будзе больш уражанняў пра тое, як ім тут жывецца. Але хачу вас запэўніць, што гэта наш брэнд. Мы ганарымся, што ў нас міжканфесійны мір. І таму вы можаце за сваіх пратэстантаў, нашых пратэстантаў, не турбавацца”, — заявіў ён.
16-17 мая ў мінскай «Чыжоўка-Арэне» пройдзе «Фестываль надзеі», у якім возьмуць удзел пратэстанцкія цэрквы.