Reform.news

«Не армія, а піянерскі лагер»: беларусы абмяркоўваюць, як змянілася тэрміновая служба

Рэдакцыя Reform.news · 23 лістапада 2026, 12:56

https://reform.news/be/ne-armija-a-pijanerski-lager-belarusy-abmjarko-vajuc-jak-zmjanilasja-tjerminovaja-sluzhba/

На выходных у вайсковых часцях прайшлі прысягі, і ў Threads загаварылі пра тое, што служба тэрміновіка стала прыкметна спакайнейшай.

Аўтар поста, пад якім пачалося абмеркаванне, пераказвае ўражанні знаёмых, чый сын цяпер служыць: у казармах стаяць камеры, дзедаўшчыны ў часці няма, афіцэры за гэтым строга сочаць, працуюць псіхолагі, а ў сталовай ядуць спакойна, а не за тры хвіліны.

“Беларуская армія, як бы на яе ні гналі, стала лепшай. Як мінімум для службы тэрміновіка. Учора ў вайсковых часцях былі прысягі, і мне расказалі знаёмыя, што іх здзівіла. Іх сын (ён служыць тэрміновую), расказаў ім, што ў казармах устаноўлены камеры, у іх часці дзедаўшчыны няма ўвогуле, за гэтым афіцэры сочаць строга. Рэальна працуюць псіхолагі. У сталовай ядуць не за тры хвіліны, а спакойна. Яшчэ я ачмурэў, калі даведаўся, што ў часці ёсць нават Telegram-канал!”

У каментарыях многія гэта пацвярджаюць. Маці пішуць, што сыны адслужылі паўтара года без скаргаў, а адзін за гэты час набраў 20 кг.

«Так, такое ёсць, камеры, псіхолагі ) Сын адслужыў 1,5 года. Усё добра) пасталеў, узмужнеў, я задаволеная», – піша juliaro777

«Так і ёсць, мой старэйшы сын служыў спачатку ў Печах, потым у Баранавічах (СПА), ніводнай скаргі за 1,5 года службы! Вы не паверыце, ён набраў 20 кг вагі! Увосень прызваўся малодшы, прайшоў КМБ, прыняў прысягу, перавялі ў часць, задаволены», – піша elena6773elena4

Тыя, хто адслужыў, кажуць, што рух у гэты бок быў прыкметны яшчэ гадоў пяць таму. Адзін з іх успамінае, як салдаты паскардзіліся на гарачую лінію, калі іх адправілі на суткі капаць акопы ў мароз, і да вечара іх адтуль знялі. Сам ён лічыць гэта пераборам і называе цяперашнюю службу «дзіцячым садам», іншы каментатар — «піянерскім лагерам».

Кропкай адліку для гэтых перамен прынята лічыць восень 2017 года: тады ў навучальным цэнтры ў Печах загінуў тэрміновік Аляксандр Коржыч, і пра дзедаўшчыну загаварыла ўся краіна. Абяцанне абсталяваць часці відэаназіраннем прагучала ад міністра абароны менавіта пасля гэтай гісторыі.

Аднагалосся ў каментарыях няма. Часта паўтараецца агаворка «не ва ўсіх часцях». Камеры, паводле слоў тых, хто служыў, вісяць у калідоры і каля пакоя захоўвання зброі, а нестатутнае адбываецца ў капцёрцы і сушылцы, куды аб’ектывы не глядзяць.

Пра ежу таксама пішуць па-рознаму: у кагосьці сын еў якраз за тры хвіліны і амаль без пітной вады — «каму як пашанцуе».

«Адной рукой яйка чысцяць, другой кашу закідваюць. Не паспеў даесці — твае праблемы. Пітной вады няма, толькі падчас прыёму ежы маленькі кубак гарбаты», – піша gushchenko.svetlana

Асобная лінія спрэчкі — сама служба: нават тыя, хто згодны з паляпшэннямі, шкадуюць патрачанага часу і пытаюцца, навошта забіраць у чалавека год-паўтара на пачатку кар’еры, калі навыкі можна даць на кароткіх зборах.

Рэклама

Пакінуць адказ