На нарадзе па ліцэнзаванні Аляксандр Лукашэнка абурыўся рэкламай ігральнага бізнесу, у прыватнасці рэкламай букмекерскай кампаніі MaxLine з гусём. Ён запатрабаваў дадаткова вывучыць працу і рэкламу ў сферы ігральнага бізнесу, каб “велізарныя грошы” не сыходзілі з краіны.
Лукашэнка заявіў, што члены яго сям’і трэціруюць яго з-за чутак пра іх датычнасць да букмекерскай кампаніі.
«Як яны называюцца ў вас: “круці гуся” — усюды вы паразвешвалі гэтыя рэкламы. Ужо дайшло да таго, аказваецца, гэта мая сям’я гэтым займаецца. Мая сям’я… Якраз мяне трэціруюць кожны дзень. Яны мяне душаць, каб я на гэта ўвагу звярнуў. Што робіцца ў краіне: у нас усе гуся гэтага круцяць», — заявіў ён.
MaxLine выкарыстоўвае ў сваёй рэкламнай кампаніі гуся і слоган «круці гуся».
Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрыю Крутому сур’ёзна заняцца пытаннем.
«Што гэта такое? У нас анлайн-казіно, і казіно ўвогуле, і іншае. Я ўжо заблытаўся ў гэтых паняццях», — паскардзіўся Лукашэнка.
Круты запярэчыў, што ўся гэтая сфера зарэгуляваная, але Лукашэнка не пагадзіўся.
«Ну яно зарэгуляванае, але ў нас краіна ператварылася ў казіно. Нейкія “Фонбеты” і іншыя”, — заявіў ён.
Лукашэнка запатрабаваў, каб праблемай таксама заняўся КДК. Ён падкрэсліў, што ў сферы круцяцца «велізарныя грошы», якія не павінны сыходзіць ад дзяржавы.
«Дайшлі да таго, што ты сёе-каго ў пачуццё прыводзіш, — сказаў ён, звяртаючыся да кіраўніка КДК Васіля Герасімава. — Яны мне пішуць: “Вы ведаеце, мы губляем нейкія”. І такую лухту пішуць, нібыта яны там укладваць будуць, інвеставаць у нейкія “сур’ёзныя” напрамкі, якія нам увогуле не патрэбныя. І ўказваюць суму, што будуць страты ў іх каля 500 мільёнаў долараў.
Дык гэта ж якія абароты ў гэтым! Таму адступлення ад інтарэсаў дзяржавы быць не павінна. І звярніце ўвагу на гэтыя “Фонбеты” і казіно. Так, яны недзе плацяць грошы, так, яшчэ нешта. Але гэта не значыць, што ўся краіна завешаная і абвешаная, асабліва ў Кухарава, гэтымі ўсімі плакатамі і гэтымі рэкламамі. У нас жа чыстая, прыгожая, для народа краіна. Ну, напэўна, там сёе-тое не для народа. Як кажуць яго кантрольныя праверкі, там велізарныя грошы сыходзяць за межы нашай дзяржавы», — заявіў Лукашэнка.
«Я ведаю, што ты заняўся гэтай праблемай. Падключы адпаведных людзей, каб у нас цэласная была не проста карціна, а было прынята рашэнне. Не ўсюды трэба кідацца на гэтыя грошы», — сказаў Лукашэнка Герасімаву.
