Фото: t.me/pul_1
Аляксандр Лукашэнка праводзіць сустрэчу з прэзідэнтам М’янмы Мін Аун Хлайнам, які прыбыў сёння ў Беларусь з афіцыйным візітам.
Як паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі, сустрэча праходзіць у “хатняй нефармальнай абстаноўцы”. Сёння бакі праводзяць перамовы ў фармаце тэт-а-тэт, пасля якіх запланаваная нефармальная вячэра.
Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая выконваць дасягнутыя раней дамоўленасці і адкрыла для М’янмы магчымасці для супрацоўніцтва.
«Мы ў апошні час з вамі вельмі інтэнсіўна супрацоўнічалі. І хачу вас запэўніць, што ўсё, пра што дамовіліся, беларускі бок зробіць. І вам, і вашым бізнесменам мы адкрылі ўсе дзверы, калі ласка, глядзіце. Усё, што вам цікава, і ўсё, што мы можам зрабіць, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы ваенна-прамысловым комплексам, усё, што мы можам, мы для вас зробім», – заявіў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра супрацоўніцтва ў розных сферах, ад сельскай гаспадаркі да ваенна-прамысловага комплексу. Ён адзначыў, што іх задача заключаецца ў стварэнні ўмоў для ўзаемадзеяння прадпрыемстваў дзвюх краін. Каардынаваць супрацоўніцтва з беларускага боку будуць віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч і старшыня канцэрна «Беллегпрам» Надзея Лазарэвіч.
“Я мяркую, што і з вашага боку ёсць такія ж людзі. Усё, пра што яны дамовяцца, мы будзем падтрымліваць і выконваць”, – сказаў ён.
Мін Аун Хлайн паведаміў, што ў Беларусь разам з ім прыбылі каля 100 прадстаўнікоў бізнесу. У Мінску ўжо прайшоў беларуска-м’янманскі бізнес-форум, на якім бакі прадставілі прадукцыю сваіх краін.
«Упэўнены, што ў выніку візіту мы зможам павялічыць тавараабарот паміж нашымі краінамі», – заявіў ён.
У першы дзень візіту Мін Аун Хлайн таксама наведаў прадпрыемства «Гродна Азот». Паводле яго слоў, паездка дала яму новыя ідэі для супрацоўніцтва.
Асноўныя перамовы Лукашэнкі і Мін Аун Хлайна запланаваныя на 21 жніўня ў Палацы Незалежнасці. Бакі абмяркуюць стан і перспектывы двухбаковых адносін, у тым ліку рэалізацыю дарожнай карты супрацоўніцтва на 2026-2028 гады.
Асноўнымі напрамкамі ўзаемадзеяння называюцца прамысловасць, сельская гаспадарка, фармацэўтыка, навука і адукацыя. Бакі таксама абмяркуюць новыя сумесныя праекты і ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках.
Па выніках перамоў чакаецца падпісанне дакументаў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, прававой і іншых сферах.