Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Свярдлоўскай вобласці Расіі Дзянісам Паслерам прапанаваў дапамагчы з перапрацоўкай нафты, намякнуўшы на ўкраінскія ўдары па расійскіх НПЗ.
“Сёння шаленства хапае з боку нашых праціўнікаў, якія прыводзяць у ненармальны стан нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Мы маем два мадэрнізаваныя заводы — пасол гэта добра ведае — і падстаўляем сваё плячо ў любы час, як гэта патрэбна. Калі ў гэтым плане патрэбная дапамога і падтрымка вашаму рэгіёну, вы паслу скажыце, Барыс Вячаслававіч нас праінфармуе. Будзем старацца вам дапамагчы так, як дапамагаем сёння ўсёй Расіі”, — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Трэба адзначыць, што раней у адміністрацыі Лукашэнкі заяўлялі, што беларускія НПЗ працуюць з расіянамі па давальніцкай схеме.
Падчас сустрэчы Лукашэнка таксама, як звычайна, казаў пра рост тавараабароту. Паводле яго слоў, летась ён дасягнуў 930 млн долараў, а ў першым квартале гэтага года ўжо вырас на 3% да амаль 224 млрд долараў, з якіх беларускі экспарт склаў 157 млн долараў. Адзначаецца, што ў Свярдлоўскую вобласць пастаўляюцца пераважна прылады на вадкіх крышталях, лазеры, сыры і тварог, вырабы з чорных металаў, касметыка.
“Разумеючы маштаб і разумеючы тыя аб’ёмы, якія вы можаце вырабляць і мы, мільярд — гэта проста для нас прахадная лічба. І справа часу, каб маглі нават падвоіць гэты тавараабарот”, — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама зрабіў акцэнт на прамысловай кааперацыі.
«Прамысловая кааперацыя — гэта аснова будучага нашага развіцця, узаемаадносін паміж Беларуссю і Расіяй. Мы гатовыя пашыраць гэтае супрацоўніцтва ў плане кааперацыі. Ёсць добрыя прыклады супрацоўніцтва.
Калі заходнія кампаніі, амерыканскія і іншыя пайшлі з рынку нашага і расійскага, у нас адкрыліся новыя магчымасці. І ў гэтым кірунку мы таксама гатовыя працаваць”, — адзначыў ён.
Лукашэнка закрануў і тэму імпартазамяшчэння. На яго думку, тут ужо ёсць прыкметныя поспехі.
“Думаю, нам трэба глядзець на сваё. Гэтыя так званыя санкцыі паказалі нам, што трэба арыентавацца на сваё, займацца імпартазамяшчэннем і іншымі кірункамі для таго, каб ствараць сваё. З задавальненнем чую пра тое, што і самалёты з’яўляюцца свае, грамадзянскія ў тым ліку, я ўжо не кажу пра ВПК, які атрымаў у вас вельмі сур’ёзнае развіццё.
А гэта, у сваю чаргу, і нас цягне за сабой, бо мы з рамонту тэхнікі ўжо пачынаем вырабляць і бронетэхніку, і самалёты, і суднабудаванне ў нас развіваецца. Не ў рамонтным кірунку, а ў стварэнні сучасных комплексаў, сучасных машын», — сказаў ён.