Лукашэнка прапанаваў перагледзець назву будаванага Нацыянальнага гістарычнага музея

Аляксандр Лукашэнка падчас рэспубліканскага суботніка працаваў на пляцоўцы Нацыянальнага гістарычнага музея і парку Народнага адзінства ў Мінску.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў даклаў пра ход будаўніцтва, а новапрызначаны міністр культуры Марат Маркаў расказаў пра фарміраванне экспазіцый. Лукашэнка арыентаваў на выкарыстанне айчынных матэрыялаў: «Усё трэба рабіць са сваіх матэрыялаў, як робяць кітайцы. Мы ўсё можам зрабіць».

Паводле слоў Маркава, будучы музей стане найбуйнейшым у Беларусі — агульная плошча складзе 17 000 квадратных метраў, што не мае аналагаў ні ў сучаснай Беларусі, ні ў савецкі перыяд. Пастаянная экспазіцыя зойме больш за 15 000 квадратных метраў, яшчэ 2000 адвядуць пад часовыя выставы.

“Можна рабіць любыя мерапрыемствы, там, пачынаючы ад канферэнцый, навуковых нейкіх мерапрыемстваў, выстаў, часовых выстаў. І гэта вельмі зручна, таму што памяшканне самае вялікае і самае функцыянальнае ва ўсёй Беларусі. Увогуле агульная плошча 17 000 квадратаў — аналагаў у Беларусі ніколі не было, і ў БССР ніколі не было. І гэта можна параўнаць толькі з Нацыянальнымі музеямі ў Таджыкістане, у Казахстане. Але ў Беларусі ён будзе некалькі большы”, — заявіў ён.

Экспазіцыя размесціцца на чатырох паверхах і ахопіць усю гісторыю краіны. Усяго ў музеі будзе 12 залаў. Другі паверх прысвецяць старажытнаму перыяду да XVIII стагоддзя. На трэцім размесцяць экспазіцыю пра Беларусь у складзе Расійскай імперыі і савецкі перыяд. Чацвёрты паверх зойме сучасная Беларусь.

“Першая зона прадугледжвае старажытны старажытны перыяд. Другі паверх, у прынцыпе, да XVIII стагоддзя, да Беларусі XVIII стагоддзя, потым на трэцім — тут будуць усе, пачынаючы ад Грунвальдскай бітвы, больш за 500 розных кампазіцый, дыярам, малюнкаў адпаведных і больш за 20 тысяч экспанатаў, што, у прынцыпе, з’яўляецца дастаткова ўнікальным”, — праінфармаваў Маркаў.

“Але там мы адлюстроўваем і ВКЛ, і Польшчу?”, — удакладніў Лукашэнка.

“Так, і раздзел Рэчы Паспалітай таксама. Гісторыя — у прынцыпе, ад яе не ўцячэш. Як вы калісьці сказалі, ну не было Беларусі, так было”, — адказаў суразмоўца.

“Так было, нікуды не дзенешся”, — адзначыў Лукашэнка.

“Цяпер яна ёсць, і ад гэтага нікуды не дзенешся”, — працягнуў Маркаў.

Асобна выдзелена зала ўрачыстых цырымоній плошчай каля 700 квадратных метраў з LED-экранамі.

“Яна будзе сапраўды зроблена ў такіх выдатных танах. Вось тут, дзе беларускі герб, будуць размешчаны LED-экраны, на іх пастаянна можна будзе мяняць карцінку. А так, у прынцыпе, для кожнай залы распрацавана свая эмблема. Іх будзе 12 — па колькасці залаў, і яны будуць прадстаўлены, у тым ліку ў зале ўрачыстых цырымоній. Увогуле, на самай справе, падобнага роду ўнікальнага праекта ў Беларусі не было”, — адзначыў ён.

Лукашэнка прапанаваў перагледзець назву ўстановы — застанецца яна Нацыянальным гістарычным музеем ці атрымае назву Нацыянальнага музея — і параіў усё зрабіць “аптымальна”.

“Таму што, па-першае, скупы плаціць двойчы — трэба разумець гэта. Ну ўжо адзін раз трэба зрабіць, каб пазбегнуць усялякай крытыкі. Разумных жа шмат такіх — паспрабавалі б зрабіць”, — заявіў ён.

“Таму асаблівую ўвагу будзем надаваць выверанай інфармацыі, каб усе гістарычныя рэчы — яны былі, яны адпавядалі і перыяду, і сапраўды рэальнай гісторыі. Таму што адна памылка — вы правільна кажаце — яна можа сапсаваць уражанне ад усёй працы”, — адказаў Маркаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!