Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка падчас перамоваў са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам прапанаваў сваё бачанне заканчэння вайны з Іранам. Пра гэта ён заявіў сёння, каментуючы ўчарашнюю сустрэчу.
“Прапанаваў ім сваё бачанне заканчэння вайны ў Іране. Так, як гэта я бачу. Не хачу гэта публічна казаць. Я ім прапанаваў яшчэ адзін варыянт”, — сказаў ён.
Ён таксама распавёў, што Джон Коўл быў адвакатам сваякоў аднаго з загінулых у Іране грамадзян ЗША. Тады, у 1979 годзе падчас ісламскай рэвалюцыі, у Тэгеране было захоплена пасольства ЗША, а яго супрацоўнікі ўзяты ў закладнікі. Спроба вызвалення сілавым шляхам правалілася. Закладнікі былі вызвалены толькі ў 1981 годзе.
“Гэта яны не вельмі педалююць. Кажуць пра тое, што ядзерная зброя, яшчэ нешта там. Але ў іх у галаве — у амерыканцаў, асабліва ў грамадстве, — тады загінулыя гэтыя людзі. І ён, гэты Джон, быў адвакатам у сваякоў загінулых. Ён мне асабіста распавёў. Таму, кажа, у мяне вось тут гэта ўсё сядзіць”, — працягнуў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Беларусь апынулася ў складаным становішчы, бо ў бягучым канфлікце на розных баках знаходзяцца тыя, каго Лукашэнка можа назваць сваімі саюзнікамі.
“З аднаго боку, Іран, нібыта нашы саюзнікі. Яны мяне не паслухалі, калі я ім казаў напярэдадні вайны, яшчэ задоўга як. Амерыканцы гэта ведаюць. Ну і Эміраты, Катар, асабліва Аман — цяпер мы робім стаўку. Яны ўсе трапілі тут. З саўдытамі цяпер вядзём размову. Таму тут, здаецца, нашы людзі, і з другога боку нашы. І тут, дай бог, каб гэта скончылася. У нас толькі адзін прынцып: трэба, каб гэта ўсё скончылася. Таму што нашы людзі і там, і там. Усе пакутуюць”, — сказаў ён.