Reform.news

Лукашэнка паказаў французскай журналістцы карту, каб даказаць сваю недатычнасць да нападу на Украіну

Рэдакцыя Reform.news · 25 лістапада 2026, 15:17

https://reform.news/be/lukashjenka-pakaza-francuzskaj-zhurnalistcy-kartu-kab-dakazac-svaju-nedatychnasc-da-napadu-na-ukrainu/

Аляксандр Лукашэнка прынёс на інтэрв’ю з французскай журналісткай карту, каб паказаць сваю недатычнасць да расійскага нападу на Украіну.

У 2022 годзе Лукашэнка ўжо выкарыстоўваў падобны прыём на сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Тады ён сказаў, што прывёз карту, на якой відаць, адкуль рыхтаваўся напад. Гэты эпізод стаў мемам. У сакавіку 2022 года Лукашэнка сцвярджаў, што не ён ці Расія развязалі вайну, а наадварот, Украіна атакавала б войскі Беларусі і Расіі, калі б не быў нанесены “прэвентыўны ўдар” па чатырох пазіцыях.

У апошнія гады Лукашэнка спрабуе сцвярджаць, што расійскія войскі выводзіліся з Беларусі, а пра напад ён нічога не ведаў.

Карэспандэнтка часопіса Le Point Ан Ніва назвала Лукашэнку безумоўным саюзнікам Уладзіміра Пуціна і сказала, што ў 2022 годзе Беларусь была выкарыстаная як тылавая база для расійскіх ваенных аперацый.

“Абсалютна недакладная фармулёўка, няправільная фармулёўка. Ніякай базай мы для Расіі і нават атакі на Украіну не былі”, — не пагадзіўся Лукашэнка.

Пасля гэтага ён узяў са стала карту з указкай, каб быць больш пераканаўчым.

“Вось я спецыяльна ўзяў карту Беларусі, каб вы разумелі. Вось тут прыкладна, тут — Брэсцкая вобласць, і тут — у Гомельскай вобласці праходзілі вучэнні Беларусі і Расіі, планавыя вучэнні ў 22-м годзе.

Расіяне свае войскі пасля заканчэння вучэнняў… Ужо амерыканцы трубілі ў вас, крычалі, што можа пачацца вайна, і папярэджвалі Украіну, што тут сканцэнтраваныя ў нас…” — працягнуў ён.

“Ну і правільна папярэджвалі”, — уставіла журналістка.

“Ну, правільна папярэджвалі. Я, напрыклад, не верыў, што гэта можа быць. Расіяне пачалі вось па гэтай чыгунцы перш за ўсё — тут і аўтамабільная дарога, вось поўдзень — выводзіць свае войскі. Брэст вывелі, іншае. Потым гэтыя войскі, якія былі тут ужо сканцэнтраваныя, чамусьці павярнулі на Кіеў і вырашылі праз Кіеў вывесці свае войскі. Ну я так жартам кажу.

Да мяне прэтэнзій няма. Я абсалютна не маю ніякага дачынення да пачатку гэтай вайны. Вы зразумейце мяне: мы да гэтай вайны не маем дачынення. Я не ведаў пра пачатак вайны, і Генштаб Расіі мяне ў гэта не пасвячаў. І правільна — гэта іх была аперацыя, чаму яны іншую дзяржаву павінны… І яны па гэтай дарозе — а тут дарога Ленінград — Адэса (Санкт-Пецярбург — Адэса, вы ведаеце гэтую дарогу) — па ёй яны пачалі наступленне ва Украіне”, — сказаў ён.

“Я абсалютна ні пры чым тут. Мне могуць задаць пытанне: «А чаму я там не ўвязаўся, не спыніў расіян і гэтак далей?». А давайце так, па-чалавечы: а чаму я павінен быў расіян спыняць і змагацца за Украіну? Украіна ўжо была ў стане вайны з Беларуссю“, — дадаў ён.

Пад вайной Лукашэнка разумее, напрыклад, закрыццё ўкраінскага неба для беларускіх самалётаў пасля таго, як беларускія сілавікі пасадзілі ў Мінску самалёт Ryanair, які выконваў рэйс Афіны-Вільня, каб затрымаць Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу.

“Яны ўвялі супраць нас санкцыі раней, чым вы, раней, чым Еўрапейскі саюз. Яны закрылі неба для палётаў нашых самалётаў. Яны арыштавалі дзве з лішнім тысячы вагонаў, якія ім мінеральныя ўгнаенні ці ў іх парты везлі — яны іх…” — сказаў ён.

“А чаму яны так рабілі, на ваш погляд?” — спытала Ніва.

Лукашэнка не стаў называць фармальныя падставы, пра якія заяўляў украінскі бок у 2021 годзе.

“Чаму яны рабілі? Ну, яны хацелі быць разумнейшымі або аператыўнейшымі за папу рымскага. Чаму яны наперад пабеглі за Еўрасаюз, каб паказаць вам, што вось яны такія супраць… У нас жа ў 20-м годзе падзеі, вы ведаеце, якія былі. І вось яны за дэмакратыю вырашылі вам паказаць, што яны больш дэмакратычныя, чым Францыя. Вось яны і пачалі ўводзіць. Для мяне гэта таксама незразумела: куды ты спяшаешся?

Ну куды ты спяшаешся? Мы такія адносіны мелі! Мы адсюль, з Мазыра — вось Мазыр, — мы пастаўлялі ім самыя лепшыя нафтапрадукты. Яны з задавальненнем куплялі, у нас трубы ішлі з НПЗ ва Украіну. І раптам Зяленскі ўводзіць гэтыя санкцыі.

Гэта, ведаеце, пераацэнка сваіх магчымасцяў і нявопытнасць самога Зяленскага. Таму ўвялі санкцыі, захапілі нашы 75 вялікагрузных аўтамабіляў і 75 чалавек. Ну навошта вы арыштавалі гэтых людзей, якія вам грузы везлі — нават не нашы грузы, а з Расіі, з Еўропы праз нас везлі туды? Чаму я ў такой сітуацыі, Ан — ну вы мяне зразумейце, — чаму я павінен быў іх абараняць, калі пачалася гэтая вайна? Тое, што мы не маем дачынення да гэтай вайны, — ну пра гэта ўсе ведаюць. І мы не хочам вайны”, — падсумаваў ён.

Рэклама

Пакінуць адказ