BYSOL і беларускія дэмсілы распачалі збор «Цяпло для Украіны» на генератары
Reform.news · 25 лістапада 2026, 13:13
https://reform.news/be/bysol-i-belaruskija-djemsily-raspachali-zbor-cjaplo-dlja-ukrainy-na-generatary/Фонд салідарнасці BYSOL і Місія дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне адкрылі збор «Цяпло для Украіны». Да 25 снежня арганізатары разлічваюць сабраць 15 тысяч еўра на тры генератары. Два з іх прызначаныя для ліцэя і медцэнтра ў пасёлку Рэпкі Чарнігаўскай вобласці. Трэці атрымае навучальны цэнтр Міжнароднага легіёна Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны, дзе праходзяць падрыхтоўку замежныя добраахвотнікі.
Пра збор 25 лістапада на анлайн-брыфінгу расказалі кіраўніца Місіі Вольга Зазулінская і прадстаўніца BYSOL ва Украіне, валанцёрка Маша Анімія. Паводле разлікаў арганізатараў, адзін генератар з ахоўным кажухом каштуе ад чатырох да шасці тысяч еўра.
Чаму выбралі Рэпкі
Рэпкі знаходзяцца ў Чарнігаўскай вобласці, паблізу мяжы з Беларуссю. Як нагадала Зазулінская, на пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскія войскі ўвайшлі ў вобласць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Сам пасёлак пэўны час быў пад акупацыяй. Паводле яе слоў, у 2025 і 2026 гадах гэтую частку вобласці часта абстрэльвалі. Для многіх беларусаў гэта яшчэ і мясціны, дзе жывуць іх блізкія. Зазулінская расказала, што раней сваякі, якія жылі па розныя бакі мяжы, хадзілі адно да аднаго ў госці праз лес.
У Рэпках генератары атрымаюць ліцэй імя Сафіі Русавай і цэнтр першаснай медыка-санітарнай дапамогі «Здаровая сям’я». Абедзве ўстановы падпарадкоўваюцца Рэпкінскаму пасялковаму савету. Зазулінская падкрэсліла, што асабліва цяжка адключэнні электрычнасці пераносяць людзі, якім патрэбны пастаянны догляд.
«Для такіх людзей генератар не проста пытанне камфорту, а магчымасць атрымаць своечасовую медыцынскую дапамогу, быць у цяпле, мець гарачую ежу», — сказала Зазулінская.
Маша Анімія, якая жыве ў Кіеве, расказала, што напярэдадні зімы Расія наносіць удары па ЦЭЦ і іншых аб’ектах, ад якіх залежаць ацяпленне і электразабеспячэнне. Паводле валанцёркі, у сталіцы яшчэ можна самастойна перажыць адключэнне, «нават абклаўшыся паўэрбанкамі». У невялікіх гарадах і вёсках у людзей часта няма і такой магчымасці.
Каму яшчэ патрэбныя генератары
Місія разам з чарнігаўскай адміністрацыяй высвятляе, якім установам вобласці патрэбная дапамога. Паводле Зазулінскай, у чарзе ёсць сацыяльная ўстанова, дзе жывуць больш за 30 пажылых людзей і людзей з інваліднасцю. Для яе патрэбныя яшчэ два генератары коштам каля 6,5 тысячы еўра кожны.
«Колькі б мы ні прывезлі сюды генератараў, якія б у іх ні былі характарыстыкі, — калі адключаюць усю інфраструктуру, пакрыць усе патрэбы немагчыма», — сказала Зазулінская.
«Цяпло для Украіны» — беларуская частка польскай акцыі «Ciepło z Polski dla Kijowa», якую распачалі Fundacja Demokracja, «Еўрамайдан» і Stand with Ukraine. Мінулай зімой у акцыі ўдзельнічалі палякі і чэхі, а сёлета да яе прапанавалі далучыцца беларусам. З беларускага боку ў арганізацыі збору таксама ўдзельнічае Офіс Святланы Ціханоўскай. Акцыю падтрымліваюць Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.
Арганізатары звяртаюцца да беларусаў і беларусак за мяжой. Ахвяраваць любую суму можна на старонцы збору BYSOL. Закупку і перадачу абсталявання арганізуюць фонд і Місія. Пасля таго як установы атрымаюць генератары, BYSOL апублікуе справаздачу.
