Лукашэнка пахваліў расіян за скупку вясковых дамоў у Беларусі
Рэдакцыя Reform.news · 20 лістапада 2026, 17:33
https://reform.news/be/lukashjenka-pahvali-rasijan-za-skupku-vjaskovyh-damo-u-belarusi/Аляксандр Лукашэнка пахваліў расіян, якія купляюць дамы ў беларускіх вёсках, і заклікаў беларусаў рушыць услед іх прыкладу. Пра гэта ён заявіў 20 лістапада падчас рабочай паездкі ў Смаргонь Гродзенскай вобласці, паведамляе яго прэс-служба.
Паводле яго слоў, расіяне купляюць сельскую нерухомасць не толькі ў наваколлі Мінска, але і ў заходняй частцы Беларусі.
“Расіяне малайцы. Яны Бацьку пачулі. І наплыў вялікі. Ужо за Мінск сюды да вас набліжаюцца. Яны скупляюць усе гэтыя домікі маленькія. І гэта не бедныя людзі перш за ўсё. Яны будуюць там нармальны дом. І ў большасці выпадкаў яны з дзецьмі бываюць там”, – заявіў ён.
Лукашэнка заклікаў беларусаў набываць нерухомасць у сельскай мясцовасці.
«Купіць домік, які ўжо нічыйны. У нас такіх хапае – за капейкі перадаём людзям. І там паціху развіваць сваё гняздо, каб дзецям было куды прыехаць. Паглядзіце на зямлю. І нікому не аддавайце свае дамы, калі ў вас у вёсцы ёсць, прысядзібныя ўчасткі. А калі няма – цяпер гэта мы за капейкі перадаём людзям. Трэба, каб гэта ў вас было. Для дзяцей, для вас, каб вы маглі пахадзіць па зямлі, каб дзеткі пабегалі па траве. І пару градак мець», – сказаў ён.
Лукашэнка заявіў, што не лічыць расіян чужымі людзьмі, як і многіх перасяленцаў з Украіны.
«Усе мы людзі, і трэба па-чалавечы ставіцца адзін да аднаго», – дадаў ён.
