Reform.news

Марыя Калеснікава выступіла ў парламенце Аўстрыі з прамовай пра беларускіх палітвязняў

Рэдакцыя Reform.news · 20 лістапада 2026, 16:22

https://reform.news/be/maryja-kalesnikava-vystupila-parlamence-a-stryi-z-pramovaj-pra-belaruskih-palitvjaznja/

Марыя Калеснікава стала галоўнай выступоўцай на штогадовай дыскусіі Rede an die Freiheit («Прамова пра свабоду»), якая прайшла 19 лістапада ў парламенце Аўстрыі. Яна расказала пра сваё зняволенне ў Беларусі, барацьбу беларусаў за свабоду і неабходнасць вызвалення палітвязняў, паведамілі ў Каардынацыйнай радзе.

Мерапрыемства, прысвечанае свабодзе і абароне ліберальнай дэмакратыі, арганізавала NEOS Lab сумесна з Renew Europe. У папярэднія гады сярод выступоўцаў былі Кая Калас і Марта Кос.

З прывітальнымі прамовамі выступілі міністр замежных спраў Аўстрыі Беатэ Майнль-Райзінгер і дэпутат Еўрапарламента, дакладчык па Беларусі ў камітэце па замежных справах Хельмут Брандштэтэр.

У сваім выступленні Калеснікава падзялілася досведам зняволення ў Беларусі, расказала пра магчымасць захоўваць унутраную свабоду нават за кратамі і падкрэсліла неабходнасць вызвалення беларускіх палітвязняў.

У мерапрыемстве таксама ўзялі ўдзел дэлегатка Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Народнага пасольства Беларусі ў Славеніі Аляксандра Мамаева і прадстаўніца фракцыі «Еўрапейскі выбар» і Народнага пасольства Беларусі ў Аўстрыі Анастасія Свіркова.

Падчас нефармальнай часткі сустрэчы прадстаўніцы КР абмеркавалі з аўстрыйскімі парламентарыямі становішча беларускіх супольнасцей у Аўстрыі і Славеніі, рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі, і транснацыянальныя рэпрэсіі. Асобную ўвагу надалі праблемам беларусаў з легалізацыяй і дакументамі, у тым ліку адмовам у прадастаўленні консульскіх паслуг.

У Каардынацыйнай радзе падкрэслілі, што падобныя мерапрыемствы дазваляюць захоўваць увагу еўрапейскіх палітыкаў да сітуацыі ў Беларусі і працягваць абмеркаванне падтрымкі беларусаў і вызвалення палітвязняў.

Рэклама

Пакінуць адказ