Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка не супраць пазбавіцца ад праблемнага аграхолдынга «Купалаўскае». Акрамя таго, ён разглядае ўзбуйненне Дрыбінскага раёна. Такія тэмы былі ўзнятыя на нарадзе, якая адбылася сёння.
Цяпер ва ўпраўленні справамі Лукашэнкі два аграхолдынгі: «Купалаўскае» і «Аграпрамысловы холдынг», у склад якіх уваходзяць 3 прамысловыя і 11 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
«Агульная карціна па гэтых комплексах пазітыўная. У прадпрыемствы ўліваюць нямала інвестыцый — за паўтара года ўклалі больш за 200 млн рублёў. Гэта і машынны парк, і ўгнаенні, і насенне, і лізінг. Летась выручка вырасла на 17%, прыбытак — на траціну, экспарт — на 20%. Гэта добрыя паказчыкі, але не паказчыкі эфектыўнасці: гэта не прыбытак, не рэнтабельнасць, не вялізныя грошы на рахунках», — апісаў Лукашэнка сітуацыю.
Адзначыўшы станоўчыя моманты, ён паводле традыцыі перайшоў да крытыкі. Паводле яго слоў, у аграхолдынгу «Купалаўскае» падзеж буйной рагатай жывёлы павялічыўся на 25%. Лукашэнка папракнуў кіраўніка спраў Юрыя Назарава, які абяцаў навесці ідэальны парадак у «Купалаўскім».
«Фактычна ж у паказальным холдынгу дысцыпліны няма: абсталяванне не адрамантавана, нарыхтоўка кармоў вядзецца без выканання тэхналогіі, тэхніка да ўборкі не гатовая, часам і жывёла без вады. Дзіўна, што губернатар і старшыня райвыканкама гэтага не бачаць, нібыта гэта не іх», — сказаў ён.
У гэтай сітуацыі Лукашэнка не бачыць праблем у тым, каб перадаць гаспадаркі «Купалаўскага» ў камунальную ўласнасць.
«Я добра ведаю, што губернатары не супраць прыняць назад прадпрыемствы, гэта значыць давайце з гэтага холдынга ўпраўлення справамі (з Мінска не ўсё відаць) аддайце нам, мы навядзём парадак. На месцы, напэўна, людзі разумеюць патрэбы раёна, могуць аператыўна прымаць кіраўніцкія рашэнні і карэктаваць стратэгію работы арганізацый. Я не бачу тут вялікай праблемы ў тым, каб гэтыя гаспадаркі былі падкантрольныя і былі перададзены ў камунальную ўласнасць», — заявіў ён.
Трэба адзначыць, што ў мінулым дзесяцігоддзі прадпрыемствы холдынга «Купалаўскае» якраз забіралі з камунальнай уласнасці дзеля іх выратавання.
Другой тэмай стала прапанова па ўзбуйненні Дрыбінскага раёна. У яго склад мяркуецца ўключыць землі суседніх раёнаў.
«Я кіраўніку Адміністрацыі даручаў — зрабіце вялікую карту, каб усе бачылі, што сабой уяўляе і будзе ўяўляць гэты раён. Меркаванне людзей вельмі важнае, але пасля таго, як мы ім раскажам, чаго мы хочам», — адзначыў Лукашэнка, пацікавіўшыся, што наконт узбуйнення думаюць у суседніх раёнах.
«Колькі гэта будзе каштаваць для бюджэту і грамадзян, калі будзе каштаваць? Я меркаваў, што гэта нічога каштаваць не будзе. Але калі трэба падтрымаць нейкія гаспадаркі — падтрымаем», — працягнуў ён.
Таксама Лукашэнка пацікавіўся чаканым эканамічным эфектам.
«Калі быць Дрыбінскаму раёну, то трэба падумаць, якім ён павінен быць. Ён павінен адпавядаць сярэднім памерам раёнаў нашай краіны. З гэтага і зыходзілі», — сказаў ён.
Нагадаем, пра ідэю павялічыць Дрыбінскі раён на 10 тыс. га ў красавіку гэтага года дакладваў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Пасля ўзбуйнення ў Дрыбінскім раёне будуць працаваць не тры, а шэсць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Да гэтага ў сакавіку падчас наведвання РУСПП «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства», дзе разводзяць герэфордаў, Лукашэнка сам прапаноўваў далучыць да Дрыбінскага раёна частку Шклоўскага.
«Я вам прапаную разам з губернатарам падумаць пра развіццё Дрыбінскага раёна. Можа, кавалак Шклоўскага. І зрабіць нармальны раён. Але землі ўзяць цэлымі гаспадаркамі», — сказаў ён.