Лукашэнка: Як бы там украінцы ні ўпарціліся, трэба ісці да таго, каб быў мір

Аляксандр Лукашэнка сёння выкарыстаў сустрэчу з губернатарам Кіраўскай вобласці РФ Аляксандрам Сакаловым, каб зрабіць некалькі заяў па знешнепалітычнай тэматыцы.

Паводле слоў Лукашэнкі, сітуацыя з прэтэнзіямі ЗША на Грэнландыю прымусіць Еўропу адумацца і супрацоўнічаць з Расіяй. Ён хоча, каб Беларусь была не раздзяляльнай лініяй, а мостам паміж Усходам і Захадам.

Таксама ён выказаўся пра расійска-ўкраінскую вайну. На яго думку, ёсць шанцы на заключэнне міру, але Украіна павінна пайсці на саступкі.

«З вайной мы разбярэмся. Я думаю, як ніколі ёсць такая магчымасць. Як бы там украінцы сёння ні ўпарціліся, усё роўна трэба ісці да таго, каб на гэтай зямлі быў мір», — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

На яго думку, у Кіеве павінны разумець, што важныя не тэрытарыяльныя пытанні: «кавалачак туды, кавалачак сюды».

«Усё гэта зразумела. Гэта балюча для любой краіны. Але людзі разбяруцца, дзе ім жыць. Не тэрыторыя вырашае, не зямля ўсё вырашае. Людзі разбяруцца, вызначацца. Калі з Расіяй ім будзе зручна, як Крыму і іншым, яны будуць жыць. Будуць жыць у Расіі і разумець, што нехта ім больш можа дапамагчы, як цяпер нават у цяжкія часы Расія там працуе.

Калі ва Украіне — ніхто іх не ўтрымае. Прыйдзе час і ўсё расставіць на свае месцы. З гэтага трэба зыходзіць ва Украіне, а не гробіць кожны дзень тысячы, тысячы людзей. І мільёны тых, хто збег з Украіны, якія могуць і не вярнуцца туды ўжо ў спакойны час. Вось гэта трэба бачыць перадусім.

І потым, я ўкраінцам заўсёды намякаю, наколькі гэта магчыма. Ніхто, акрамя нас, ім не дапаможа ў пасляваенны час», — працягнуў ён.

Лукашэнка дадаў, што ЗША могуць змяніць прыярытэты і проста забыць пра Украіну.

«Дзе-небудзь там адвярнуцца ў бок Ірана, Емена ці ж Тайваня і забудуць пра гэтую Украіну. Нікому гэтая Украіна не будзе патрэбная. Таму трэба глядзець наперад.

Падаецца, што паўсюль (і мы тут таксама добрыя, і ўкраінцы) разуменне прыходзіць. Вядома, гэта не просты працэс, але гэтыя крокі насустрач трэба рабіць», — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!