Лукашэнка хоча, каб Польшча, Літва і Украіна плацілі Беларусі «за дапамогу»

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая дапамагаць палякам, літоўцам і ўкраінцам, калі ёсць лішнія грошы, але не будзе вечна займацца дабрачыннасцю. Такую заяву ён зрабіў сёння, выступаючы на адкрыцці Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы.

Лукашэнка звярнуў увагу, што будаўніцтва ў асноўным фінансавалася з рэспубліканскага бюджэту. Пры гэтым ён традыцыйна пераблытаў свае асабістыя сродкі і бюджэт Беларусі.

«Паважаныя багатыя гродзенцы, з 200–300 млн рублёў 60–70 вы заплацілі. Астатняе — гэта мае грошы. Гэта грошы рэспубліканскага бюджэту. Таму майце гэта на ўвазе, не задзірайце нос», — заявіў ён.

Лукашэнка даручыў прымаць у бальніцы не толькі жыхароў Гродзенскай вобласці, але і іншых абласцей Беларусі, а таксама замежнікаў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што багатыя замежнікі ў Беларусь не паедуць.

«Калі нехта прыйдзе і папросіць дапамогі — акажыце. Нават калі з Польшчы нехта да вас прыйдзе, натуральна, за нейкія грошы, падтрымайце іх. Да вас багатыя сюды палякі не паедуць, літоўцы. Да вас паедуць такія небаракі, як мы з вамі. Прыедуць простыя людзі. А як ім не дапамагчы?

Вось бачыце, прыняў рашэнне па бязвізе — ездзяць да нас людзі. І гэта ўжо больш за мільён прыехала. Украінцы прыехалі і жывуць тут. Для іх дабро атрымаць наша грамадзянства. Мы нікога не крыўдзім», — сказаў Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь гатовая дапамагаць суседзям, калі ёсць лішнія грошы, але калі іх няма, Польшча, Літва і Украіна павінны плаціць.

«Мы гатовыя дапамагаць. Калі ў нас лішняя капейка ёсць, мы за свае грошы палякам там і літоўцам дапаможам, украінцам. Калі гэтых грошай няма, трэба з імі дамаўляцца, як аплаціць тую ці іншую дапамогу. Дабрачыннасцю мы не заўсёды будзем займацца», — заявіў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!