2 верасня Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына і даў даручэнні «для замацавання новых дамоўленасцей з Расіяй».
Задачы датычыліся рэалізацыі канкрэтных дамоўленасцей у розных сферах, уключаючы энергетыку, прамкааперацыю, сельскую гаспадарку, а таксама планаў далейшага ўзаемадзеяння, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
У сваім дакладзе Турчын адзначыў рост ВУП і станоўчую дынаміку ў шэрагу галін, а таксама звярнуў увагу на асобныя праблемы, якія патрабуюць аператыўных рашэнняў органаў дзяржкіравання.
Прэм’ер ахарактарызаваў сітуацыю ў беларускім прамысловым сектары як неаднародную. Паводле слоў прэм’ера, многія суб’екты прамысловасці працуюць стабільна і пераадольваюць складанасці, але асобныя праблемы існуюць у машынабудаванні.
“Як і ў цэлым у эканоміцы, сітуацыя ў прамысловасці неаднародная. Ёсць цэлы шэраг галін прамысловасці, якія дастаткова паспяхова працуюць у няпростых умовах. Аднак машынабудаўнічая галіна сёння адчувае праблемы па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах.
Але мы фактычна ў штодзённым рэжыме дапамагаем нашым прадпрыемствам, дзесьці падстаўляючы плячо. Умовы нашай падтрымкі: прадпрыемства павінна нам даказаць, што ўсе меры, у тым ліку істотная аптымізацыя выдаткаў і зніжэнне сабекошту выпускаемай прадукцыі, імі прынятыя. Толькі ў гэтым выпадку мы дзесьці ідзём насустрач, дапамагаючы ў тых ці іншых пытаннях”, – адзначыў прэм’ер.
Турчын заявіў, што Лукашэнка паставіў задачы выканаць дамоўленасці, дасягнутыя на перамовах з Уладзімірам Пуціным і расійскім прэм’ер-міністрам Міхаілам Мішусціным.
«Фактычна кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі тыя дамоўленасці, якія былі дасягнутыя ўрадамі Беларусі і Расіі. Парадак дня быў вельмі шырокі – гэта і супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, пытанні прамысловай кааперацыі, рэалізацыя сумесных інтэграцыйных праектаў, пытанні супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі. Прэзідэнтам быў дадзены шэраг канкрэтных даручэнняў для фіналізацыі дамоўленасцей, іх замацавання, а таксама па далейшым нашым узаемадзеянні. Сітуацыя ў эканоміцы складаная, але кіраваная. Мы бачым, што трэба рабіць. Думаю, што ўсе перспектывы паспяхова скончыць гэты год у нас ёсць», — расказаў Турчын па выніках сустрэчы.
Турчын пазітыўна ацаніў бягучыя беларуска-расійскія адносіны.
«Нам фактычна па ўсіх пытаннях удалося дамовіцца. Думаю, што на сярэднетэрміновую перспектыву гэтыя дамоўленасці будуць замацаваныя і мы будзем іх паспяхова рэалізоўваць», — заявіў ён.
