Літва можа заканадаўча забараніць расіянам і беларусам удзельнічаць у спаборніцтвах у краіне

Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літвы заявіла пра намер аднавіць дыскусіі аб прававых магчымасцях забароны ўдзелу спартсменаў з Расіі і Беларусі ў спаборніцтвах, якія праходзяць у краіне. Падставай стаў зварот 31 спартыўнай федэрацыі да кіраўніцтва Літвы, піша LRT са спасылкай на Elta.

У сваім звароце да прэзідэнта, прэм’ер-міністра і старшыні Сейма спартыўныя арганізацыі адзначылі, што ва ўмовах працяглай вайны Расіі супраць Украіны адной толькі каштоўнаснай пазіцыі спартыўных арганізацый ужо недастаткова. Яны заклікалі падчас вясновай сесіі Сейма прыняць папраўкі да Закона аб спорце, якія выразна забаранілі б удзел расійскіх і беларускіх спартсменаў і каманд — уключаючы тых, хто выступае пад нейтральным сцягам — у спаборніцтвах на тэрыторыі Літвы.

Міністэрства ў адказ паведаміла, што адновіць дыскусіі перш за ўсё на міжведамасным узроўні і ацэніць неабходнасць прававых рашэнняў. Пры гэтым у ведамстве падкрэслілі, што спорт не павінен быць аддзелены ад палітычнага і грамадскага кантэксту, і дыскусіі павінны ахопліваць таксама бізнес, культуру і іншыя сферы.

У офісе прэзідэнта заявілі, што кіраўнік дзяржавы лічыць удзел спартсменаў краін-агрэсараў у міжнародных спаборніцтвах непрымальным. Старшыня Сейма Юозас Олекас паведаміў, што пытанне прававога рэгулявання будзе вырашацца. Прадстаўнік прэм’ер-міністра Ігнас Дабравольскас таксама назваў удзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах з нацыянальнай сімволікай непрымальным.

У цяперашні час у Літве дзейнічаюць толькі рэкамендацыі не запрашаць спартсменаў з гэтых краін на спаборніцтвы — абавязковых прававых норм пакуль няма.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!