Фото: VSAT
Літоўскія памежнікі на выходных зноў перахоплівалі цыгарэтную кантрабанду з Беларусі. Былі выяўленыя метэазонды, а таксама пасаджаны беспілотнік.
Як распавялі ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы, у суботу ўвечары дзякуючы сістэме назірання быў выяўлены беспілотнік, які ўляцеў з Беларусі ў Шальчынінкайскім раёне. Памежнікі ўжылі сродкі процідзеяння і пасадзілі БПЛА ў полі. Быў выяўлены самаробны квадракоптар, які даставіў 1000 пачак цыгарэт NZ Gold з беларускімі маркамі.
Таксама ў суботу і нядзелю былі перахопленыя пяць партый цыгарэт, дастаўленых паветранымі шарамі. Тры шары былі выяўленыя ў Варэнскім раёне, па адным — у Друскінінкаі і Алітускім раёне. Канфіскавана амаль 20 тыс. пачак кантрабандных цыгарэт.
У гэтым годзе літоўскія памежнікі выявілі ўжо 16 партый цыгарэт, дастаўленых метэазондамі. У мінулым годзе такіх выпадкаў было 635.