Фото: Biriu kroviniu terminalas
Тэлеканал LRT апублікаваў артыкул пра перспектывы абмеркавання пытання транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз Літву пры ўдзеле ЗША. Неназваныя літоўскія палітыкі пацвердзілі, што пакуль дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза супраць беларускага калію, рэальнага транзіту быць не можа. Аднак праз год сітуацыя можа змяніцца.
«Можа ўзнікнуць схема, у якой беларусы не будуць удзельнічаць, а амерыканцы будуць. І тады мы пачнём гаварыць пра транзіт «амерыканскіх» угнаенняў. Нам трэба падумаць, што мы будзем рабіць у такім выпадку», – сказаў адзін з суразмоўцаў тэлеканала.
Іншы палітык пацвердзіў, што ніхто не гаворыць пра гэта наўпрост, але існуюць “тэорыі” адносна ўдзелу зяця Дональда Трампа Джарэда Кушнера.
Яшчэ адзін суразмоўца канала апісаў і магчымую схему: амерыканцы маглі б стварыць у Беларусі кампанію-пасярэдніка, якая закупляла б угнаенні «Беларуськалій» на месцы, і тады яны ўжо сталі б уласнасцю амерыканцаў, якія, магчыма, хацелі б перавозіць угнаенні больш кароткім маршрутам праз порт Клайпеды. Такая схема нібыта ўжо абмяркоўваецца ў закрытых колах.
«Верагоднасць таго, што праз год мы ўжо не будзем прывыкаць да гэтых санкцый, рэальная. Але гаварыць трэба не толькі пра ўгнаенні. Калі мы бачым змены ў вялікай міжнароднай палітыцы, трэба паспрабаваць абагнаць цягнік. Гэта значыць, што трэба абмяркоўваць з беларусамі ўсе нашы справы, усё, што для нас важна, — ад вываду вучэнняў «Захад» з нашых межаў да экспрапрыяваных прадпрыемстваў, зняволеных. І тады, калі прыйдзе час, мы зможам сказаць: глядзіце, вось уся сфера нашых інтарэсаў.
Але яны [амерыканцы] сапраўды выстаўляюць напаказ усе аргументы на кожным пасяджэнні. Так, ніхто ні на каго не аказвае ціску, яны проста кажуць: «Дзіўна, што вы занялі такую пазіцыю», – распавёў яшчэ адзін неназваны палітык.
Нагадаем, раней спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл заявіў LRT, што лічыць неабходным дыялог паміж Вільнюсам і Мінскам. Ён таксама выказаўся за тое, каб беларускія калійныя ўгнаенні ішлі транзітам праз Літву.
Трэба адзначыць, што Аляксандр Лукашэнка ўжо неаднаразова казаў пра магчымасць продажу амерыканскаму бізнесу Нежынскага ГАК, магутнасць якога складае 2 млн т калійных угнаенняў у год. Апошні раз Лукашэнка казаў, што амерыканцы думаюць. Ён таксама называў магчымую цану прадпрыемства – 3 млрд долараў.