Скриншот видео
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што амерыканскі бок абдумвае здзелку па куплі калійнага камбіната ў Беларусі. Мяркуючы па яго словах, асноўным з’яўляецца пытанне кошту.
У снежні мінулага года на Усебеларускім народным сходзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прапанаваў амерыканскаму боку купіць калійны руднік, “новую фабрыку” за 3 млрд долараў. Найхутчэй, гаворка ішла пра Нежынскі ГОК, хоць Лукашэнка наўпрост і не называў яго.
Сёння, каментуючы ўчарашнія перамовы са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам, ён пацвердзіў, што кошт застаецца ранейшым, але можа вырасці.
“Думаюць. Але тры мільярды — гэта мінімум. А ўрад падлічыць запасы, яшчэ нешта… Гэта будзе даражэй”, — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
“Яны багатыя, але грошы плаціць вялікія ці нармальныя не хочуць. Усе хочуць за бясплатна”, — дадаў Лукашэнка.