У Беларусі налічылі 1,82 трлн долараў шкоды па справе аб генацыдзе

Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі падлічыў шкоду, нанесеную краіне падчас ВАВ.

“Выніковыя лічбы шкоды па стане на 29 снежня 2025 года: 1 823,20 млрд долараў ЗША”, – паведамілі ў Дзяржкаммаёмасці.

Камітэт узначальвае міжведамасную групу па разліку шкоды, прычыненай нацыстамі на тэрыторыі БССР, створаную па даручэнні Генпракуратуры ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе.

Як растлумачылі ў камітэце, у шкоду ўключаны тры складнікі:

  • маёмасная шкода – разбурэнне і разрабаванне маёмасці, культурных каштоўнасцяў, прыродных рэсурсаў (1941–1944);
  • ускосная шкода – упушчаная выгада, зніжэнне нацыянальнага даходу за ваенныя і пасляваенныя гады;
  • пасляваенная шкода – выдаткі на размінаванне, ліквідацыю наступстваў баявых дзеянняў, пошук і перапахаванне парэшткаў.

Цікава, што сума, названая сёння Дзяржкаммаёмасцю, ніжэйшая, чым тая, якую раней прыводзілі прадстаўнікі Генпракуратуры. Так, у сакавіку мінулага года намеснік генпракурора Аляксей Стук казаў, што шкода складае 43,5 тыс. т золата, або 2,35 трлн долараў. Да гэтага тады яшчэ генпракурор Андрэй Швед таксама казаў пра 43,5 тыс. т золата, або 2,3 трлн долараў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!