Літоўскія кансерватары зноў прапануюць пазбаўляць беларусаў ВНЖ пры частых паездках на радзіму

Літоўскія кансерватары на чале з Лаўрынасам Кашчунасам зноў прапанавалі пазбаўляць грамадзян Беларусі відаў на жыхарства за частыя паездкі на радзіму.

У мінулым годзе падобная папраўка была прапанавана Кашчунасам і калегамі, якія знаходзяцца ў апазіцыі, пры разглядзе закона аб падаўжэнні абмежаванняў у дачыненні да беларусаў і расіян. Тады ў выніку Сейм Літвы падтрымаў яе толькі ў дачыненні да грамадзян Расіі.

Цяпер у Сейме зноў разглядаецца законапраект аб падаўжэнні абмежаванняў яшчэ на год. Група дэпутатаў на чале з Кашчунасам вырашыла паспрабаваць рэалізаваць сваю прапанову яшчэ раз. Іх папраўка змяшчае прапанову аб забароне прыёму заяў на атрыманне часовых відаў на жыхарства ад грамадзян Беларусі. Забарана на прыём заяў у дэпутацкай папраўцы датычыцца толькі выдачы першага ВНЖ. Тыя, хто ўжо маюць від на жыхарства ў Літве, змогуць хадайнічаць аб выдачы новага.

Таксама дэпутаты зноў прапануюць ануляваць часовыя віды на жыхарства тым грамадзянам Беларусі, якія наведваюць Беларусь і Расію часцей, чым раз на тры месяцы. Выключэнне прадугледжваецца для работнікаў транспартнай сферы, а таксама калі паездка звязаная з аб’ектыўнымі прычынамі, якія не залежаць ад беларуса.

“Беларусь дапамагае Расіі ў вайне супраць Украіны, дазваляючы выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для ваенных аперацый, і адначасова ўдзельнічае ў варожых гібрыдных аперацыях супраць Літвы — кантрабандныя паветраныя шары і беспілотнікі неаднаразова дапускаліся ў літоўскую паветраную прастору з беларускай тэрыторыі”, — цытуе Кашчунаса прэс-служба Сейма.

Паводле яго меркавання, няма падстаў ужываць розныя абмежавальныя меры да грамадзян Беларусі і Расіі.

Праект закона, унесены ў парламент МЗС Літвы, прадугледжвае падаўжэнне абмежавальных мер на адзін год. Акрамя таго, у ім заканадаўча замацоўваецца забарона ўвозу больш за 200 літраў паліва ў баках грузавікоў, якія ўязджаюць з Беларусі і Расіі.

Цяпер работа над законапраектам ідзе ў камісіях. Яны павінны будуць даць свае заключэнні па праекце. Затым праект і папраўкі да яго, прапанаваныя дэпутатамі, будуць вынесены на галасаванне парламента.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!