Фото: policija.lrv.lt
Літоўская паліцыя 12-13 мая правяла аперацыю па затрыманні асоб, якія маюць дачыненне да кантрабанды цыгарэт з Беларусі пры дапамозе метэазондаў.
12 мая былі затрыманыя два чалавекі, у тым ліку адзін з асноўных арганізатараў і выканаўцаў. Яны падазраюцца ў тым, што арганізоўвалі і забяспечвалі «пункты» кантрабанднымі цыгарэтамі ў Ігналінскім раёне.
13 мая паліцыя правяла 24 ператрусы ў Ігналіне, Вільні, Тракаі, Лентварысе і Швянчонскім раёне. Былі затрыманыя яшчэ двое падазраваных.
Падчас аперацыі з незаконнага абароту было канфіскавана каля 10 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт коштам больш за 42 тысячы еўра. Таксама канфіскаваныя незаконна захоўваная агнястрэльная зброя, патроны рознага калібру.
Падазрэнні прад’яўлены дзвюм асобам, якія, меркавана, дзейнічалі ў складзе групы саўдзельнікаў, арганізоўваючы перавозку і распаўсюджанне кантрабандных тавараў. Аднаму з іх таксама прад’яўлены падазрэнні ў незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.