Расія выпусціла па Украіне больш за 1500 дронаў і 56 ракет

Падчас масіраваных атак 13 і 14 мая Расія выкарыстала супраць Украіны 1567 беспілотнікаў і 56 ракет, заявіў сёння прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«У цэлым у хвалях масіраваных атак за 13 і 14 мая расіяне выкарысталі 1567 дронаў і 56 ракет розных тыпаў. Працэнт збіцця дронаў у нас склаў 94%. Працэнт збіцця ракет — 73%. Ключавы выклік — гэта балістыка і прыкрыццё тысяч тылавых аб’ектаў інфраструктуры і нашых гарадоў», — заявіў ён.

Зяленскі звярнуў увагу, што расійскі ўдар бесперапынна працягваўся амаль двое сутак.

«Гэта спецыяльная тэрарыстычная тактыка расіян, якія назапашвалі дроны і ракеты на працягу пэўнага часу і свядома разлічылі ўдар такім чынам, каб яго маштаб быў значным, а ўскладненні для нашай СПА — максімальнымі», — адзначыў Зяленскі.

Пад удары трапілі гарады па ўсёй тэрыторыі Украіны. У Кіеве ракетным ударам быў разбураны пад’езд жылога дома з 1-га па 9-ты паверх. 20 чалавек дагэтуль лічацца зніклымі без вестак, не менш за пяць загінулі.

Раней Паветраныя сілы Украіны паведамлялі, што Расія выкарыстала тэрыторыю Беларусі для пралёту сваіх дронаў у бок Украіны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!