Фото: t.me/CabinetBelarus
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская 14 студзеня правяла сустрэчу з валанцёрамі і прадстаўнікамі ініцыятыў, якія прымалі палітвязняў у Варшаве падчас снежаньскіх вызваленняў і цяпер апякуюць іх у Польшчы.
Лідарка дэмсіл падзякавала валанцёрам за іх працу і выслухала прапановы і праблемы, што патрабуюць вырашэння. Таксама абмяркоўваліся тэрміновыя запыты і магчымасці паляпшэння працэсаў дапамогі рэпрэсаваным.
Разам са сваім намеснікам Паўлам Латушкам палітык таксама сустрэлася з палітвязнямі, якія былі вызваленыя ў снежні і дэпартаваныя з Беларусі. У сустрэчы прынялі ўдзел больш за 40 вызваленых палітвязняў, якія цяпер знаходзяцца ў Варшаве. На ёй абмяркоўваліся пытанні легалізацыі, уладкавання жыцця ў Польшчы, магчымасці для наступных вызваленняў і праблемы бяспекі.
«Я ў вялікім захапленні нашымі беларусамі — ад валанцёраў, ініцыятыў і ад мужнасці вызваленых палітвязняў. Ніхто не здаўся, не зламаўся. Людзі вераць у нашу справу, і кожны робіць усё, што можа. Мы павінны берагчы і падтрымліваць адно аднаго. Салідарнасць — гэта наша зброя, якая ўзмацняе нас і не дае нашай справе, нашаму руху згаснуць. Я проста хачу сказаць кожнаму і кожнай вялікі дзякуй», — адзначыла Ціханоўская.
Перад сустрэчай з палітвязнямі кіраўніца АПК таксама наведала выставу ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве — «Кропка ўваходу — 123». Афіцыйна выстава адкрыецца праз некалькі дзён.