Латвія працягнула на год забарону на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і Расіі

Сейм Латвіі 1 красавіка ў канчатковым чытанні прыняў законапраект аб працягу забароны на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і Расіі. Ён будзе дзейнічаць да 1 ліпеня 2027 года.

Латвія забараніла ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і РФ з 8 сакавіка 2024 года. Пад яе трапілі таксама кармы і прадукцыя, якая паступае праз трэція краіны.

Міністэрства земляробства канстатавала ўстойлівае і значнае скарачэнне імпарту. За першыя 11 месяцаў 2024 года ўвоз з Расіі скараціўся на 30%, а за аналагічны перыяд 2025 года — яшчэ на 85%. Імпарт з Беларусі за тыя ж перыяды знізіўся на 12% і 55% адпаведна, паведамляе LSM.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!