Фото: ОПК
Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл сустрэліся з Каяй Калас, вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, віцэ-прэзідэнтам Еўракамісіі. Сустрэча прайшла ў межах 6-га пасяджэння Кансультатыўнай групы ЕС з беларускімі дэмсіламі, паведамляе АПК.
Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адзначыў на перамовах, што бяспека ўсходняга напрамку для ЕС наўпрост звязана з будучыняй Беларусі.
«У нас з вамі агульная мэта — дэмакратычная Беларусь. ЕС імкнецца захаваць бяспеку на ўсходзе, аднак без дэмакратычнай Беларусі з боку так званага “беларускага балкона” Еўропа будзе заставацца пад пагрозай», — заявіў ён.
Латушка падкрэсліў, што Расія інвестуе мільярды ў спробе змяніць менталітэт беларусаў і ліквідаваць незалежнасць Беларусі. Ён лічыць, што ў такой сітуацыі ЕС варта ўзмацніць падтрымку беларускага грамадства.
«Лукашэнка з’яўляецца саюзнікам Расіі па ўласным выбары. Адзіны шлях захаваць нашу незалежнасць — гэта ўзмацненне і павелічэнне інвестыцый у беларускае грамадства. Нам патрэбна належная праграма падтрымкі беларускага грамадства, большасць якога хоча дэмакратыі і незалежнасці.
Таму мая просьба: падтрымлівайце інстытуты, якія забяспечваюць альтэрнатыву рэжыму, і інвестуйце ў беларускае грамадства — гэта значыць, інвестуйце ў вашу ўласную бяспеку», — заявіў Латушка.
Падчас сустрэчы Латушка паведаміў, што АПК і Каардынацыйная рада выступаюць за працяг санкцыйнага ціску на беларускія ўлады, паколькі рэжым працягвае рэпрэсіі, падтрымлівае расійскую агрэсію і гібрыдную вайну супраць ЕС. Санкцыі неабходныя да таго часу, пакуль рэжым не зменіць унутраную і знешнюю палітыку.
«Зараз Лукашэнка можа спрабаваць стукаць у дзверы Бруселя і іншых еўрапейскіх сталіц. Ён практычна страціў еўрапейскі рынак і сутыкаецца з цяжкасцямі пры продажы тавараў у Расію. Прамысловасць і эканоміка ў цэлым знаходзяцца ў заняпадзе.
Лукашэнка хоча здзелкі з ЕС. Мы просім даць яму ясны адказ: спачатку ён павінен дамовіцца з беларускім грамадствам, а затым з ЕС», — заявіў Латушка.
Намеснік кіраўніка АПК падкрэсліў, што Лукашэнка не павінен весці перамовы з ЕС за спінай беларускага грамадства.
Па ініцыятыве Калас Латушка расказаў пра дзейнасць па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларускага народа.
«Мы спадзяёмся, што дзяржавы-члены ЕС падтрымаюць адпаведныя дзеянні Літвы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе», — сказаў Латушка.