Фото: ОПК
Высылка вызваленых у снежні палітвязняў з Беларусі — гэта частка палітыкі Аляксандра Лукашэнкі па пазбаўленні ад нелаяльных грамадзян. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Варшаве заявіў намеснік старшыні АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка. Паводле яго слоў, Аляксандр Лукашэнка адхіліў прапанову ЗША надаць вызваленым палітвязням права выбару — заставацца ў Беларусі ці пакінуць яе.
«Што датычыцца звароту амерыканскага боку, то гэта пацвердзіў сам дыктатар Лукашэнка, публічна ў Мінску на так званым Усебеларускім народным сходзе. Ён заявіў пра тое, што да яго звярнуліся Злучаныя Штаты Амерыкі з просьбай пакінуць вызваленых палітвязняў на тэрыторыі Беларусі, і што ён фактычна адхіліў магчымасць застацца на тэрыторыі краіны для грамадзян Беларусі, якія маюць абсалютнае права ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі выбіраць месца свайго жыхарства. І перш за ўсё, вядома, грамадзяне Беларусі маюць права выбару месца жыхарства на тэрыторыі дзяржавы свайго грамадзянства.
Мы сёння з вамі назіраем фактычна прамую і адкрытую палітыку рэжыму Лукашэнкі па дэпартацыі так званай нелаяльнай часткі грамадзянскай супольнасці Беларусі, пазбаўленні базавых правоў, у тым ліку права валодаць дакументам, які сведчыць асобу. Гэта фактычна пераслед, які заключаецца ў пераследзе грамадзян Беларусі як унутры краіны, так і за яе межамі, экстратэрытарыяльнага характару, і ўсё гэта з’яўляецца чарговым доказам учынення злачынстваў супраць чалавецтва», — сказаў Латушка.
Ён выказаў надзею, што ў далейшым амерыканскаму боку ў межах сваіх дыпламатычных намаганняў усё ж удасца дамагчыся таго, каб у будучыні вызваленыя палітвязні мелі права выбару.
Паводле слоў Латушкі, усе выказванні Аляксандра Лукашэнкі пасля вызвалення снежаньскай групы палітвязняў былі задакументаваныя, перакладзеныя на англійскую мову і перададзеныя ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. НАУ атрымала пацвярджэнне ад пракурора, што гэтыя дакументы прынятыя.
Прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская таксама распавяла, што прававы статус вызваленых застаецца няпэўным. У даведках аб вызваленні, якія ў шэрагу палітвязняў з’яўляюцца адзіным дакументам — ім не выдалі пашпарты, — не ўказваецца падстава для вызвалення. Таксама, паводле яе слоў, у Беларусі аказваецца ціск на сваякоў былых палітвязняў. Яна распавяла, што да бацькоў аднаго з нядаўна вывезеных з краіны беларусаў прыходзілі прадстаўнікі КДБ з прапановай вярнуцца ў краіну і адседзець 15 гадоў. Калі ж маці палітвязня сказала, што «вы яго ж самі вывезлі», ёй адказалі, што ён уцёк з калоніі.