Латушка і Брухан абмеркавалі дзеянні па вызваленні палітвязняў з паслом Літвы

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка на сустрэчы з паслом Літвы ў Польшчы Вальдэмарасам Сарапінасам падкрэсліў важнасць працягу ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі да таго часу, пакуль ён не пойдзе на рэальныя, а не касметычныя ўнутрыпалітычныя змены.

У сустрэчы таксама ўдзельнічаў спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан.

У ходзе сустрэчы Латушка падзякаваў Літве за шматгадовую падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі і дэмакратычных зменаў у нашай краіне. Таксама ён выказаў надзею на працяг стратэгічнага ўзаемадзеяння з боку Літвы з беларускімі дэмсіламі.

«Літва для нас — адзін з галоўных саюзнікаў у справе набліжэння дэмакратычных перамен у Беларусі і падтрымкі дэмакратычных сіл, якія працягваюць змагацца за свабоду беларускага народа», — падкрэсліў ён.

Падчас сустрэчы былі прадстаўлены падыходы да пачатку нацыянальнага дыялогу для выхаду з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі праз выкарыстанне інструмента круглага стала.

Таксама абмяркоўваліся магчымыя далейшыя дзеянні па вызваленні палітвязняў. Асаблівая ўвага была нададзена прасоўванню пытанняў адказнасці для прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.

Павел Латушка і Арцём Брухан праінфармавалі пасла Літвы аб ходзе падрыхтоўкі да выбараў у Каардынацыйную раду, якія пройдуць з 11 па 17 мая 2026 года. Павел Латушка падзякаваў літоўскім дэпутатам за падтрымку ў дзейнасці дэлегацыі КР у ПАСЕ падчас зімовай сесіі, якая прайшла на мінулым тыдні.

Латушка таксама праінфармаваў літоўскі бок аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі на фоне санкцый, паведамілі ў прэс-службе АПК.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!