Владимир Витиков после задержания. Скриншот видео
Беларуса Уладзіміра Віцікава, які кінуў дзіця на падлогу ў аэрапорце Шарамецьева, прызналі неўмяняльным і накіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, паведамляе аб’яднаная служба судоў Маскоўскай вобласці РФ.
Справа разглядалася ў Хімкінскім гарадскім судзе Маскоўскай вобласці. Віцікаў абвінавачваўся па артыкуле аб замаху на забойства малалетняга з хуліганскіх пабуджэнняў.
Інцыдэнт адбыўся ў аэрапорце 23 чэрвеня 2025 года. Віцікаў, знаходзячыся пад уздзеяннем наркотыкаў, схапіў двухгадовае дзіця, падняў яго і з сілай кінуў на падлогу. Хлопчыка шпіталізавалі з пераломамі чэрапа.
Экспертыза ўстанавіла, што ў момант злачынства Віцікаў не мог усведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Ён прызнаны неўмяняльным і вызвалены ад крымінальнай адказнасці з накіраваннем на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне «ў стацыянарных умовах спецыялізаванага тыпу з інтэнсіўным назіраннем».