Фото: Reform.news
Урад Кыргызстана пашырыў абмежаванні на экспарт нафты і нафтапрадуктаў. Раней была ўведзена забарона на экспарт паліва за межы ЕАЭС. Цяпер жа нафту і нафтапрадукты забаранілі вывозіць і ў краіны Еўразійскага эканамічнага саюза.
Забарона ўведзена “да насычэння ўнутранага рынку або фарміравання агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў” ЕАЭС. Яна не датычыцца нафты, мазуту і пячнога паліва пры наяўнасці дазволу на вываз ад Кабінета міністраў.
Адначасова ўрад краіны спрасціў увоз паліва.
На пачатку ліпеня Кыргызстан ужо звяртаўся да саюзнікаў з просьбай дапамагчы з пастаўкамі паліва. У прыватнасці, было заяўлена пра намер імпартаваць з Беларусі 60–70 тыс. т.
Кыргызстан сутыкнуўся з цяжкасцямі ў тым ліку на фоне атак на НПЗ у Расіі, у выніку чаго РФ страціла значную частку магутнасцей нафтаперапрацоўкі. Паводле ацэнак аналітыкаў, у чэрвені аб’ём перапрацоўкі нафты склаў 3,8 млн барэляў за суткі, што на 1,6 млн барэляў менш, чым летась.