Кыргызстан дамаўляецца аб пастаўках паліва з Беларусі

Кыргызстан накіраваў запыт Беларусі на пастаўку паліва ў рамках мер, накіраваных на забеспячэнне энергетычнай бяспекі краіны.

«З мэтай захавання ўстойлівых паставак паліва афіцыйныя звароты накіраваны ў адрас кампетэнтных дзяржаўных органаў Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Рэспублікі Беларусь, Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Узбекістан і Туркменістана. Паралельна вядуцца перамовы па дыверсіфікацыі паставак і пашырэнні міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы», — паведамляе Міністэрства энергетыкі Кыргызстана.

Меры прымаюцца на фоне дэфіцыту паліва ў Расіі і забароны РФ на экспарт бензіну з краіны. Расія таксама разглядае варыянт поўнай забароны на экспарт дызельнага паліва.

Міністэрства энергетыкі Кыргызстана заяўляе, што на сёння ў краіне сфарміраваны дастатковы запас гаруча-змазачных матэрыялаў, а пастаўкі ажыццяўляюцца на пастаяннай аснове ў адпаведнасці з раней заключанымі кантрактамі.

Пры гэтым адзначаецца, што на сітуацыю на ўнутраным рынку ўплываюць змены на сусветным энергетычным рынку, «у тым ліку геапалітычная напружанасць на Блізкім Усходзе, рызыкі ў міжнароднай лагістыцы і рост сусветных цэн на нафту».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!