Владимир Хильманович. Фото: hpravy.org
Кватэру журналіста Уладзіміра Хільмановіча, завочна прыгаворанага да 5 гадоў калоніі, не ўдалося прадаць на аўкцыёне. Цяпер яна можа адысці дзяржаве, піша БАЖ.
Завочны суд адбыўся ў жніўні 2024 года. Акрамя завочнага тэрміну, Хільмановіч атрымаў штраф — 1000 базавых велічынь. Для яго выплаты суд пастанавіў выставіць на аўкцыён кватэру журналіста. Аўкцыён быў арганізаваны на анлайн-пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне», але двухпакаёвую кватэру ў Гродне прадаць не ўдалося, бо не знайшлося ахвотных.
Пасля гэтага на сайце з’явілася аб’ява: «Прапануем спагнанніку пацвердзіць згоду пакінуць арыштаваную маёмасць у кошт пагашэння запазычанасці па выканаўчай вытворчасці (выканаўчых вытворчасцях), якая не была рэалізавана з электронных таргоў».
Юрыст БАЖ Яўген Пыльчанка растлумачыў, што ў дадзеным выпадку спагнаннік — беларуская дзяржава.
«У выпадку, калі аўкцыён не адбыўся, спагнаннік мае права пакінуць за сабой маёмасць даўжніка. Пры гэтым, калі кошт маёмасці перавышае памер запазычанасці, ён абавязаны пералічыць розніцу на рахунак органа прымусовага выканання ў тэрмін не больш за адзін месяц.
Калі спагнаннік не згодны, аўкцыён прызначаюць паўторна, зніжаючы кошт маёмасці. Так можна рабіць некалькі разоў, кожны раз прапаноўваючы спагнанніку забраць маёмасць. І калі пасля чацвёртай пераацэнкі аўкцыён зноў не адбыўся, а спагнаннік адмовіўся пакінуць маёмасць сабе — тады з яе здымаецца арышт», — растлумачыў юрыст.
Сёлета з аўкцыёну таксама прадавалі дачу Хільмановіча — драўляны будынак у вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна. На першым аўкцыёне лот ацанілі ў 8400 рублёў. На апошнім, чацвёртым, — у 3360 рублёў. Цяпер дачу можа забраць дзяржава.
Нагадаем, Хільмановіча завочна судзілі паводле артыкулаў аб садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці (частка 1 артыкула 361-4 КК РБ) і ўдзеле ў «экстрэмісцкім» фармаванні (частка 3 артыкула 361-1 КК РБ).