Кучынскі ў Францыі заклікаў трымаць у фокусе пытанні рэпрэсій і вызвалення беларускіх палітвязняў

Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі наведаў Парыж, дзе правёў серыю сустрэч з высокапастаўленымі прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта Францыі, Міністэрства Еўропы і замежных спраў, а таксама Нацыянальнага сходу.

Падчас візіту адбыліся перамовы з дарадцам прэзідэнта Эманюэля Макрона па кантынентальнай Еўропе і Турцыі Бертранам Бухвальтэрам, дырэктарам дэпартамента кантынентальнай Еўропы Міністэрства замежных спраў Брысам Рокфёем, дарадцам міністра замежных спраў Жана-Наэля Баро па консульскіх пытаннях, кантынентальнай Еўропе і Балканах Патрыкам Рэнарам, а таксама кіраўніком групы «За дэмакратычную Беларусь» у Нацыянальным сходзе Францыі Фрэдэрыкам Пеці.

Бакі абмеркавалі беларуска-французскія адносіны, актуальную сітуацыю ў Беларусі і рэгіянальны кантэкст. Кучынскі падкрэсліў важнасць захавання беларускай тэмы ў міжнародным парадку дня, у тым ліку ў межах старшынства Францыі ў «Вялікай сямёрцы». Ён заклікаў, каб пытанні палітычных рэпрэсій і вызвалення палітвязняў заставаліся ў прыярытэце дэмакратычных дзяржаў.

Асобна абмяркоўвалася прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларускага народа, рэпрэсіі, удзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны і іншыя парушэнні міжнароднага права. Кучынскі падкрэсліў, што адказнасць павінна заставацца адным з ключавых элементаў міжнароднай палітыкі ў дачыненні да рэжыму.

Бакі таксама абмеркавалі актуальныя падыходы Францыі да рэжыму Лукашэнкі, уключаючы кантакты афіцыйнага Парыжа з беларускімі ўладамі. Кучынскі адзначыў важнасць захавання прыхільнасці агульнаеўрапейскай палітыцы ў дачыненні да Беларусі і падкрэсліў, што любыя магчымыя змены ў адносінах з рэжымам павінны быць звязаныя з канкрэтнымі і вымяральнымі крокамі з яго боку.

Акрамя таго, закраналася візавая тэма. Кучынскі падзякаваў французскаму боку за працу пасольства ў Мінску і тысячы віз, выдадзеных беларускім грамадзянам, і заклікаў захоўваць магчымасці для беларусаў падтрымліваць сувязі з Еўропай.

Падчас перамоў асобна разглядаліся магчымае далучэнне Францыі да Міжнароднага гуманітарнага фонду падтрымкі беларускіх палітвязняў, захаванне і ўмацаванне мандата спецыяльнага прадстаўніка Францыі па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, развіццё беларуска-ўкраінскіх адносін пасля нядаўняга візіту Ціханоўскай у Кіеў, а таксама сумесныя намаганні па супрацьдзеянні расійскай агрэсіі і пагрозам саюза рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна.

Асобнай тэмай перамоў стала санкцыйная палітыка. Кучынскі заклікаў працягваць каардынацыю санкцыйнага ціску на Расію і рэжым Лукашэнкі, у тым ліку ў межах падрыхтоўкі новых санкцыйных пакетаў, а таксама ўзмацняць працу па выяўленні і спыненні абыходу ўжо дзейных абмежаванняў.

Абмяркоўвалася таксама падрыхтоўка ўмоў для інклюзіўнага нацыянальнага дыялогу ў Беларусі. Кучынскі адзначыў, што вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсій павінны стаць першым неабходным крокам да ўрэгулявання палітычнага крызісу. У гэтым кантэксце бакі закранулі падрыхтоўку да будучага Агульнанацыянальнага круглага стала як магчымай перамоўнай пляцоўкі з удзелам прадстаўнікоў беларускага грамадства, дэмакратычных сіл і прадстаўнікоў дзяржаўнай сістэмы, якія падтрымліваюць незалежнасць Беларусі.

Падкрэслівалася патэнцыйная роля Францыі і Еўрасаюза як пасярэднікаў і гарантаў выканання магчымых дамоўленасцяў у межах мірнага пераходу да дэмакратычных пераменаў.

Па выніках сустрэчы з Фрэдэрыкам Пеці дасягнута дамоўленасць аб штомесячных каментарыях французскага дэпутата для беларускіх медыя ў фармаце «Час Шагала — беларуска-французскія адносіны».

Французскі бок пацвердзіў падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага народа і гатоўнасць працягваць супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, паведамілі ў Офісе Ціханоўскай.

Фота: t.me/tsikhanouskaya
Фота: t.me/tsikhanouskaya
Фота: t.me/tsikhanouskaya
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!