Круты назваў колькасць працоўных мігрантаў у Беларусі

У Беларусі цяпер знаходзяцца 35 тыс. працоўных мігрантаў. Гаворка ідзе пра замежнікаў, якія працуюць у краіне без пастаяннага віду на жыхарства. Такія дадзеныя прывёў сёння кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты, гаворачы пра праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку.

“У нас рэкордна нізкае беспрацоўе і, па вялікім рахунку, сёння рынак работніка, а не працадаўцы. У банку вакансій прыкладна 170 тыс. прафесій, якія патрабуюцца проста зараз. Амаль усе нашы прадпрыемствы адчуваюць сур’ёзны недахоп кадраў. Таму і з’явілася сістэма прыцягнення каштоўных работнікаў з-за мяжы. Прыкладна 35 тыс. чалавек, якія не маюць пастаяннага віду на жыхарства ў Беларусі, сёння працуюць на нашых прадпрыемствах. Гэта невялікая колькасць, яна не вырашае праблему недахопу работнікаў. Але тут вельмі важна захаваць баланс”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, сёння доля заробкаў у агульным сабекошце ў сістэме затрат дасягнула 25–30%. У выніку заробкі ціснуць на сабекошт.

“Гэтая заробкавая гонка і барацьба нашых прадпрыемстваў ужо ўнутры рэспублікі за спецыялістаў, у першую чаргу рабочых прафесій, павінна знаходзіцца пад пастаянным кантролем урада. Мы не павінны зваліцца ў ніякія дысбалансы, бо прадукцыйнасць працы — таксама адзін з прыярытэтаў праграмы”, — сказаў Круты.

Ён дадаў, што па прадукцыйнасці працы Беларусь займае 67-е месца з прыкладна 160 краін. На яго думку, гэта сведчыць пра тое, што “яшчэ як мінімум у два разы ёсць рэзерв для павышэння прадукцыйнасці працы”.

“І на гэтай здаровай аснове мы можам павялічваць заработную плату. Сёння яна дасягнула прыкладна 2,7–2,8 тыс. рублёў у сярэднім па рэспубліцы. Гэта сярэдняя велічыня, але трэба глядзець раскладку і рэгіянальную, і галіновую. І ўжо ўнутры сур’ёзным чынам займацца гэтым пытаннем”, — сказаў ён.

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі таксама звярнуў увагу на неабходнасць нарошчваць долю краін па-за СНД, якая сёння складае прыкладна 20–22%. Яна павінна перавысіць 30%.

“Па шэрагу пазіцый мы бачым, што канкурэнцыя таксама сур’ёзным чынам узмацнілася. Таму тэматыка тэхналагічнага суверэнітэту, новых прамысловых прадпрыемстваў у малых населеных пунктах і выхад праз гэта на канцэпцыю моцных рэгіёнаў з’яўляюцца прыярытэтам сацыяльна-эканамічнай праграмы”, — адзначыў Дзмітрый Круты.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!