Кошт паставак беларускага калію ў Кітай вырас за паўгода на 85,1%

Пастаўкі беларускага калію ў КНР у вартасным выражэнні значна выраслі паводле вынікаў паўгоддзя. Пра гэта сведчаць даныя мытнай статыстыкі Кітая за шэсць месяцаў. Кітай павялічвае аб’ёмы закупак угнаенняў, але таксама растуць і цэны на іх.

Кітай у студзені—чэрвені імпартаваў 8,8 млн т калійных угнаенняў, што на 40,2% больш, чым летась за той жа перыяд. У вартасным выражэнні імпарт вырас на 76,5% — да 3,17 млрд долараў.

У чэрвені КНР закупіла 1,38 млн т калійных угнаенняў, што перавышае паказчык чэрвеня мінулага года ў 2,1 раза. Пры гэтым у вартасным выражэнні імпарт вырас у 2,5 раза — да 496,9 млн долараў.

Імпарт калійных угнаенняў з Беларусі ў студзені—чэрвені склаў 696,3 млн долараў, або на 85,1% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пастаўкі павялічыліся таксама і з іншых краін: з Расіі — на 59,8% да 1,03 млрд долараў, з Канады — на 80,5% да 548,9 млн долараў, з Лаоса — у 2,2 раза да 568,4 млн долараў, з Ізраіля — на 40% да 150,2 млн долараў.

У чэрвені з Беларусі кітайскія пакупнікі імпартавалі калійных угнаенняў на 63,6 млн долараў, што на 80,7% больш, чым летась. Найбуйнейшым пастаўшчыком калію ў КНР у чэрвені была Расія, дзе было закуплена ўгнаенняў на 178,9 млн долараў, што ў 3,4 раза больш, чым год таму, а другім па аб’ёмах пастаўшчыком стаў Лаос, імпарт з якога вырас у 4,7 раза — да 138,9 млн долараў. Чэрвеньскія закупкі ў Канадзе выраслі на 90,4% да 74,6 млн долараў, а ў Ізраілі — у 2,2 раза да 31,7 млн долараў.

Паводле даных кітайскай мытнай статыстыкі, агульны кошт імпарту тавараў з Беларусі за паўгода вырас на 10,9% да 956,9 млн долараў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!