Игорь Кизим на конференции "Новая Беларусь" в Вильнюсе 4 августа 2024 года. Скриншот трансляции
Былы пасол Украіны ў Беларусі і былы пасол па асаблівых даручэннях у пытаннях Беларусі Ігар Кізім пракаментаваў першую паўнавартасную сустрэчу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай, якая адбылася на выходных. Паводле яго слоў, гэта павінна было адбыцца, калі Украіна прэтэндуе на суб’ектнасць у рэгіёне. Разам з тым ён выказаў шкадаванне, што гэта адбылося так позна.
“Для тых, хто датычны да ўкраінска-беларускай праблематыкі, гэтая сустрэча, як і заявы Прэзідэнта Украіны ў Вільні адносна Беларусі, з’яўляецца даўно чаканым і паўнавартасным вызначэннем стаўлення ўкраінскай улады да «беларускага кейса». Але хацеў бы паўтарыць адзін са сваіх каментарыяў… Шкада страчанага часу.
З самага пачатку было відавочна, што такое павінна адбыцца, калі Украіна хоча быць суб’ектнай хаця б на рэгіянальным узроўні. Магчыма, гэта звязана са зменамі ў ОП (Офісе прэзідэнта — заўв.). Але важна пакуль не гэта (гэта высветліцца вельмі хутка), а тое, каб беларускія дэмсілы як мага лепш скарысталіся гэтым прыадчыненым «акном магчымасцяў» для беларускага дэмакратычнага руху ў цэлым. Слава Украіне! Жыве Беларусь!” — напісаў ён у сваім Facebook.